Мінск 05:23

Распачата крымінальная справа за ДТЗ, у якой загінуў 14-гадовы падлетак, вадзіцель быў п’яны

Фота: прэс-служба СК

9 лістапада, Позірк. Аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце дарожна-транспартнага здарэння, у якім загінуў непаўналетні, паведаміла 9 лістапада прэс-служба Следчага камітэта.

Вадзіцель аўтамабіля быў п’яны, гаворыцца ў рэлізе.

Паводле даных следства, у ноч на 9 лістапада 30-гадовы кіроўца ў стане алкагольнага ап’янення падвозіў кампанію з пяці чалавек у Докшыцкім раёне (Віцебская вобласць). Каля вёскі Замасточча (на 18 км аўтадарогі Н2306 Ноўка — Замасточча) ён не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет, дзе аўто перакулілася.

У выніку ДТЗ ад атрыманых траўм памёр 14-гадовы падлетак. Кіроўца і яшчэ чацвёра пасажыраў (13, 15, 16 і 18 гадоў) з рознымі траўмамі шпіталізаваны.

На месцы працавала следча-аператыўная група.

СК просіць відавочцаў ДТЗ паведамляць інфармацыю аб ім.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, ва ўсіх пацярпелых дыягнаставаны спалучаныя траўмы. Ім аказваецца дапамога ў Віцебскім абласным дзіцячым клінічным цэнтры і абласной клінічнай бальніцы.

14-гадовы пасажыр, які знаходзіўся на пярэднім сядзенні, памёр да прыезду медыкаў.

Падзяліцца: