Мінск 17:39

Гран-пры конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART PRADMOVA атрымала аўтар пад псеўданімам

Працы пераможцы конкурсу S.
Фота: "Позірк"

18 лістапада, Позірк. У конкурсе-выставе маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART PRADMOVA, які праводзіцца ў рамках беларускага фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, сёлета ўзяло ўдзел удвая болей аўтараў, чым год таму. Пра гэта паведаміла на цырымоніі ўзнагароджання 17 лістапада ў Варшаве куратар конкурсу Наста Кветкава, не ўдакладніўшы лік удзельнікаў.

Арганізатар фестывалю, намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што ідэя конкурсу з’явілася ў 2019 годзе, калі стала зразумела, што “трэба нешта рабіць з беларускай кніжнай ілюстрацыяй”. “З аднаго боку гэта тэма мае таленавітых творцаў, таленавітую беларускую школу, але з іншага боку яна мала развіваецца праз тое, што ў Беларусі не настолькі добра развіты кніжны рынак ілюстрацыі”, — адзначыў ён.

За гэтыя пяць гадоў задачы арганізатараў конкурсу сталі “больш аб’ёмныя і больш амбітныя”, сказаў Баркоўскі, абвясціўшы пра намер стварыць на яго базе “структуру для беларускіх ілюстратараў і дызайнераў кніг”.

Як паведаміла Наста Кветкава, частка канкурсантаў з меркаванняў бяспекі ўдзельнічала ў конкурсе ананімна. Сярод такіх і яго пераможца, якая пад псеўданімам S. прадставіла ілюстрацыі да выдання “Сон у поўню”.

Ніхто з лаўрэатаў конкурсу не здолеў прыехаць у Варшаву, але яны мелі магчымасць назіраць за цырымоніяй узнагароджання анлайн. Былі абвешчаныя пераможцы ў шасці намінацыях, а таксама ўладальнік гран-пры.

У хуткім часе, адзначыла Кветкава, усе працы лаўрэатаў будуць прадстаўлены на інстаграм-старонцы беларускага фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які праходзіць у Варшаве 15-18 лістапада.

Год таму гран-пры конкурсу атрымала Вольга Пранкевіч, выпускніца мастацкай вучэльні імя Глебава і Санкт-Пецярбурскай дзяржаўнай мастацка-прамысловай акадэміі імя Штыгліца па спецыяльнасці манументальна-дэкаратыўны жывапіс. У 2019-2021 гадах працавала мастаком-афарміцелем у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Падзяліцца: