Мінск 17:11

Латушка: 1,5 млн подпісаў за Лукашэнку — лічба з галавы

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

21 лістапада, Позірк. Аб масавым прымусе падпісвацца за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах заявіў 21 лістапада намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле яго слоў, такая інфармацыя дэмакратычным сілам паступае “штодня”, ціск аказваецца на “работнікаў прадпрыемстваў, бюджэтных арганізацый і дзяржустаноў”, за адмову ставіць подпіс за вылучэнне Лукашэнкі пагражаюць “звальненнем, дысцыплінарнымі і іншымі адміністрацыйнымі спагнаннямі”.

Палітык назваў хлуснёй сцвярджэнне, што ў падтрымку Лукашэнкі сабрана больш за 1,5 млн подпісаў.

“Увесь дзяржапарат рэжыму мабілізаваны для прымусу грамадзян ставіць подпісы за дыктатара. Але гэта патрабуе занадта шмат працы, рэсурсаў саміх гэтых сябраў ініцыятыўнай групы, ідэолагаў, палітрукоў. Яны нават гэта не сталі рабіць, а проста назвалі лічбу з галавы”, — сказаў Латушка.

“Сістэма ўжо настолькі абарзела, — дадаў ён, — настолькі стала нахабнай, што нават фармальна не спрабуе зрабіць сваю чорную працу. Яны сфальсіфікавалі подпісы і будуць далей іх фальсіфікаваць”.

Палітык заклікаў выбаршчыкаў галасаваць на выбарах супраць усіх кандыдатаў. “[Гэта дазволіць] паказаць свой пратэст усім тым, хто прымушае вас рабіць тое, чаго вы не хочаце”, — падкрэсліў Латушка.

Пра тое, што за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты сабрана больш за 1,5 млн подпісаў, заявіў на сустрэчы з ім 21 лістапада кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько.

Пры гэтым сам Лукашэнка на сустрэчы выказаў упэўненасць, што пры зборы подпісаў за яго няма ціску і прымусу: “Гэта правільна. Правільна таму, што нам гэта не трэба. Гэта абсалютна не трэба. І каб не ствараць потым лішніх пытанняў, даводзіцца вельмі акуратна ў гэтым кірунку дзейнічаць”.

Пры зборы подпісаў падчас бягучай выбарчай кампаніі прыцягваецца адміністрацыйны рэсурс, а таксама ўжываюцца традыцыйныя метады ціску: пагрозы звальнення, высялення з інтэрната, гаворыцца ў заяве юрыстаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты стартаваў 7 лістапада і завершыцца 6 снежня 2024 года.

14 лістапада Лукашэнка сцвярджаў, што за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты сабрана 700 тыс. подпісаў.

Каментуючы названую Лукашэнкам лічбу, юрысты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не выключылі маніпуляцый падчас падліку подпісаў і прызнання іх дакладнымі.

Згодна з Выбарчым кодэксам, для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта неабходна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў у падтрымку кандыдатуры.

За вылучэнне кандыдатамі подпісы збіраюць пяць прэтэндэнтаў: Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў. Адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку ўсе, акрамя Канапацкай.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.

Падзяліцца: