Мінск 05:04

Рэпрэсіі ў Беларусі павінны спыніцца — ЕС

22 лістапада, Позірк. Рэпрэсіі ў Беларусі павінны спыніцца, напісаў у сацыяльнай сетцы Х афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) Петэр Стана, каментуючы чарговае памілаванне палітвязняў Аляксандрам Лукашэнкам.

Стана, зрабіўшы рэпост паведамлення праваабарончага цэнтра “Вясна” аб колькасці затрыманых і вызваленых за апошнія месяцы, падкрэсліў, што адначасова з памілаваннем “рэжым працягвае арыштоўваць людзей па палітычных матывах”.

Еўрасаюз, зазначыў афіцыйны прадстаўнік ЕС, “заклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных”.

20 лістапада Лукашэнка памілаваў 32 грамадзян, “асуджаных за ўчыненне экстрэмісцкіх злачынстваў” (8 жанчын і 24 мужчыны).

7 лістапада Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні 31 чалавека.

16 верасня ён падпісаў указ аб памілаванні 37 чалавек, асуджаных за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, 4 верасня і 16 жніўня па такім жа механізме было памілавана па 30 чалавек.

У пачатку ліпеня праваабаронцы паведамлялі аб выхадзе 18 палітвязняў, які адбыўся пасля заявы Лукашэнкі аб вызваленні яго “вельмі цяжкахворых” апанентаў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала казаў тады пра 14 вызваленых.

Як паведамляла “Вясна”, з 3 ліпеня ў Беларусі прайшло шэсць хваляў памілавання палітвязняў, агулам вызвалена 178 чалавек. За гэты ж час праваабарончая супольнасць прыняла 24 заявы аб надзяленні новых фігурантаў крымінальных палітычных спраў статусам палітвязня – яго атрымалі 223 чалавекі.

Падзяліцца: