Мінск 19:52

Ціханоўская распавяла амерыканскім сенатарам пра сітуацыю з Верамейчыкам

Святлана Ціханоўская і Джын Шахін
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

23 лістапада, Позірк. Перадача В’етнамам Беларусі былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка была адной э тэм перамоваў Святланы Ціханоўскай з кіраўнікамі камітэта па замежных справах Сената ЗША Джымам Рышам (Рэспубліканская партыя) і Джын Шахін (Дэмакратычная партыя), паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Сустрэча адбылася ў Галіфаксе, дзе праходзіць 16-ы Міжнародны форум па бяспецы.

Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць міжнароднай кампаніі за вызваленне Верамейчыка і ўсіх палітвязняў, а таксама, спынення любой супрацы з рэжымам, асабліва ў сферы праваахоўнай юрысдыкцыі. Яна “настойліва заклікала да адключэння Беларусі ад інструментаў Інтэрпола”, сказаў дарадца.

Абмяркоўвалася непрызнанне “выбараў”, якія Лукашэнка плануе правесці 26 студзеня, а таксама арганізацыя другой сесіі стратэгічнага дыялогу з ЗША, які адбудзецца на пачатку снежня ў Вільнюсе.

Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на прызначэнні спецпасланніка ЗША па Беларусі (пасада вакантная з чэрвеня 2022 года пасля сыходу з яе Джулі Фішар), прыняцці новага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, павелічэнні падтрымкі незалежных СМІ, праваабарончых ініцыятываў і грамадзянскай супольнасці.

Палітык заклікала ЗША заняць прынцыповую пазіцыю ў абароне беларускай незалежнасці і супрацьдзеянні паглынанню Беларусі Расіяй.

Падзяліцца: