Мінск 00:50

У чарзе на мяжы Беларусі і краін ЕС няма ніводнага аўтобуса

Ілюстрацыйнае фота: Памежная ахова Польшчы

28 лістапада, Позірк. На 10:00 28 лістапада ў чарзе на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза не было ніводнага аўтобуса, сведчаць даныя Дзяржаўнага памежнага камітэта.

У жніўні колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску Цярэспаль (Брэст) даходзіла да 108.

Цяпер выезду ў Польшчу перад пунктам Цярэспаль чакае 55 легкавых аўтамабіляў.

Агулам каля 2,4 тыс. грузавікоў чакае ўезду ў ЕС.

Перад пунктам пропуску Кукурыкі (Казловічы) сабралася 840 велікагрузаў. Польскія кантрольныя службы ў гэтым месцы аформілі за суткі 58% нормы транспарту, сцвярджае Дзяржпагранкамітэт.

Каля 1 тыс. грузавікоў фіксуецца перад літоўскімі пунктамі пропуску Менш за ўсё фур за суткі накіравалася праз пагранпераход Мядзінінкай (Каменны Лог) — 18% нормы. Супрацоўнікі пункта пропуску Шальчынінкай (Беняконі) прапусцілі ў Літву 42% нормы вялікагрузаў, заяўляе беларускае ведамства.

Перад латвійскім пунктам пропуску Патэрніекі (Грыгараўшчына) на ўезд у ЕС фіксуецца 530 фур. Праз гэты пагранпераход на сумежную тэрыторыю за суткі накіравалася 29% нормы аўто, сцвярджае Дзяржпагранкамітэт.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: