Мінск 01:43

Лукашэнка прапанаваў Пуціну размясціць “Орешник” у Беларусі

Стоп-кадр відэазапісу: "Пул Першага"

28 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў размясціць расійскую ракетную сістэму “Орешник” (“Ляшчына”) у Беларусі.

Кажучы пра тое, як гэтая зброя можа “паўплываць на бяспеку Саюзнай дзяржавы”, Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскаму тэлебачанню на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан), заявіў: “Месцы гатовыя дыслакацыі. Калі?”

Паводле яго сцвярджэння, расійскі бок “падумае”.

Як вынікае з апублікаванага ў пракрамлёўскіх тэлеграм-каналах відэазапісу, Лукашэнка сказаў, што гэта “зброя добрая”, не ядзерная, аднак “па сваёй моцы супастаўная з ядзернай”, “але без пранікальнай радыяцыі, без заражэння мясцовасці і аб’ектаў”.

Уладзімір Пуцін, выступаючы на сесіі Савета АДКБ 28 лістапада, заявіў, што Генштаб і Мінабароны Расеі падбіраюць цэлі для паражэння сістэмы “Орешник” на тэрыторыі Украіны, сярод якіх могуць быць “цэнтры прыняцця рашэнняў у Кіеве”. Пуцін таксама папярэдзіў, што “ў выпадку масіраванага групавога прымянення гэтых ракет <…> гронкай у адным удары, яго моц, моц гэтага ўдару, будзе супастаўная з ужываннем ядзернай зброі”.

Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар па горадзе Днепр, дзе знаходзіцца завод па вытворчасці ракетна-касмічнай і іншай тэхнікі “Южмаш”. Пазней Пуцін заявіў, што войска РФ выкарыстала для гэтага балістычную ракету ў бяз’ядзерным абсталяванні пад назвай “Орешник”. Паводле яго сцвярджэння, сродкаў яе перахопу ў свеце не існуе.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: