Мінск 19:03

Raiffeisenbank закрыў здзелку па продажы “Прыёрбанка” інвестару з ААЭ

Ілюстрацыйнае фота: priorbank.by

30 лістапада, Позірк. Група Raiffeisen Bank International AG (RBI) 29 лістапада закрыла здзелку па продажы ААТ “Прыёрбанк” інвестару з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) Soven 1 Holding Limited, вынікае з паведамлення на сайце RBI.

Адзначаецца, што пра здзелку было абвешчана сёлета ў лютым, пагадненне падпісалі ў верасні.

“Гэта важны крок у рамках нашага імкнення знізіць рызыкі прысутнасці ва Усходняй Еўропе, — заявіў кіраўнік RBI Ёхан Штробль. — У той самы час мы ўдзячныя нашым калегам з “Прыёрбанка” за іх адданасць справе на працягу ўсяго працэсу продажу і за выдатнае абслугоўванне нашых кліентаў у Беларусі з 2003 года”.

Паводле інфармацыі RBI, здзелка ўчыніць уплыў на “каэфіцыент CET1 групы RBI без уліку Расіі на канец 2024 года ў памеры мінус 5 базісных пунктаў, абумоўлены розніцай паміж выручкай ад продажу і балансавым коштам капіталу”.

“Адмоўны ўплыў на справаздачу аб прыбытках і стратах, адлюстраваны ў артыкуле “Прыбыткі/страты ад спыненай дзейнасці”, складае каля 830 млн еўра, з якіх каля 480 млн еўра раней былі аднятыя ад капіталу групы і з’яўляюцца вынікам рэкласіфікацыі артыкулаў іншага сукупнага даходу. Дэкансалідацыя набывае моц з моманту закрыцця здзелкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

20 верасня RBI паведаміў пра падпісанне пагаднення па продажы 87,74% сваіх акцый у “Прыёрбанку” і яго даччыных кампаніях згаданаму інвестару з ААЭ. Было заяўлена, што новы ўласнік “мае намер садзейнічаць росту і развіццю патэнцыялу банка”; сам банк у працэсе змены ўладальніка “працягне абслугоўваць кліентаў”, забяспечыўшы ім магчымасць “карыстацца звыклымі банкаўскімі сэрвісамі”.

5 траўня 2023 года група Raiffeisen Bank International абвясціла, што закрыла карэспандэнцкія рахункі ўсім расійскім банкам, за выключэннем сваёй даччынай структуры ў РФ Raiffeisenbank Russia.

15 траўня “Прыёрбанк” закрыў карэспандэнцкі рахунак у амерыканскім Citibank у доларах ЗША. Гэта закранула аперацыі юрыдычных асоб, якія выкарыстоўвалі гэты банк для валютных плацяжоў.

19 траўня кіраўнік прэс-службы RBI Інгрыд Дзіц пацвердзіла “Позірку” інфармацыю пра скарачэнне кампаніяй карэспандэнцкіх дачыненняў у Беларусі.

11 красавіка 2023 года ўрад Канады пашырыў санкцыі супраць Беларусі, дадаўшы ў спіс дзевяць устаноў фінансавага сектара, у тым ліку “Прыёрбанк”. У сувязі з гэтым банк спыніў прыём плацежных даручэнняў на адрас канадскіх банкаў.

ААТ “Прыёрбанк” створана 20 студзеня 1989 года, зарэгістравана 12 ліпеня 1991-га. Памер статутнага фонду, паводле даных на сайце банка, складае 86 млн 147 тыс. 908,7 рубля. Асноўным акцыянерам да нядаўняга часу выступаў Raiffeisen CIS Region Holding GmbH (Аўстрыя).

Увосень 2023 года Нацыянальны банк Беларусі ўключыў “Прыёрбанк” у першую групу сістэмна значных банкаў на 2024 год.

Падзяліцца: