Мінск 01:23

За пяць гадоў абароны ў Грузіі папрасіла больш за 70 беларусаў, тром дзясяткам ужо адмовілі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 30 лістапада 2024 года ў 15:52

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі
Ілюстрацыйнае фота: сайт Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі

30 лістапада, Позірк. З 2019 года да канца трэцяга квартала 2024-га па абарону ў Грузіі звярнуліся 73 грамадзяніны Беларусі, адмову ўжо атрымаў 31 просьбіт, вынікае з падрыхтаванага на падставе даных грузінскага МУС даследавання, вынікамі якога з “Позіркам” падзяліўся адзін з аўтараў праваабаронца Раман Кісляк.

Адмовы ў наданні палітычнага прытулку ў 2019—2022 гадах былі адзінкавымі, у 2023-м і першым паўгоддзі 2024-га іх не было зусім. Абсалютная большасць адмоў — 25 з 31 — прыйшлася на ліпень — верасень гэтага года.

“Пасля зацішша з разглядам запытаў беларусаў на прытулак са жніўня 2024 года дэпартамент міграцыі МУС пачынае актыўна разглядаць беларускія справы і штампаваць адмовы ў прытулку, — канстатаваў праваабаронца. — Гледзячы па апытаннях, якія пацвярджаюцца афіцыйнай статыстыкай МУС, ніхто з беларусаў не змог атрымаць статут уцекача ў Грузіі”.

Паводле яго слоў, пасля атрымання адмоў “ідзе масавая падрыхтоўка і падача скаргаў у Тбіліскі гарадскі суд”.

“Відавочна, што нехта ва ўрадзе Грузіі напярэдадні выбараў у парламент (адбыліся 26 кастрычніка; пераможцам абвясціла сябе кіроўная партыя “Грузінская мара”, якая ідзе прарасійскім курсам на шкоду еўрапейскай перспектыве краіны. — “Позірк”.) вырашыў ўсім беларусам адмовіць у прытулку, незалежна ад абставін, на якія яны спасылаюцца. Мы бачым у гэтым дыскрымінацыю паводле прыкметы нацыянальнага паходжання, якая ў міжнародным праве трактуецца як адна з форм расавай дыскрымінацыі”, — падкрэсліў Кісляк.

Згодна з даследаваннем, больш за ўсё беларусаў звярталася па гуманітарны статус у 2023 і 2024 гадах — 21 і 32 адпаведна. Сярод тых, хто папрасіў абароны за апошнія пяць гадоў, пераважаюць мужчыны і жанчыны 26–40 гадоў, налічваецца 15 дзяцей.

Абапіраючыся на статыстыку МУС, аўтары даследавання падлічылі колькасць беларусаў у Грузіі — 12.955 (без уліку турыстаў).

“Можна меркаваць, што “пашпартны ўказ” моцна ўплывае на дынаміку адтоку беларусаў у 2024 годзе, аднак на сённяшні момант больш падрабязных даных няма. У лістападзе 2024 года ў Грузіі пачаўся перапіс насельніцтва, ён таксама можа даць больш падрабязныя звесткі пра беларусаў, якія жывуць у краіне, аднак толькі налета”, — гаворыцца ў дакуменце.

Грузія — адна з краін, куды беларусы эмігравалі, ратуючыся ад рэпрэсій, што распачаліся ў Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года. Туды ж рэлакавалася істотная частка беларускага ІТ-бізнесу.

Шмат у чым гэта было абумоўлена мяккімі ўмовамі перабывання ў краіне — беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі без візы на працягу года, а для абнулення бязвізавага тэрміну дастаткова выехаць за мяжу і адразу вярнуцца на грузінскую тэрыторыю (г. зв. “візаран”). Разам з тым апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі грузінскія памежнікі не дазвалялі беларусам вяртацца ў краіну пасля “візарану”.

Легалізавацца ў Грузіі беларусам няпроста, асабліва ў святле “пашпартнага ўказу” № 278, якім Лукашэнка пазбавіў замежныя ўстановы магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Падзяліцца: