Мінск 16:38

Ціханоўская і Барэль у сумесным артыкуле заявілі аб неабходнасці ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

1 снежня, Позірк. З 2020 года Еўрапейскі саюз “дэманструе непахісную падтрымку беларускага народа”, заявілі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль у супольным артыкуле 1 снежня для выдання EUobserver.

“Еўрасаюз увёў некалькі пакетаў санкцый супраць рэжыму прэзідэнта Беларусі* Аляксандра Лукашэнкі, накіраваных на асоб, адказных за рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама за парушэнні правоў чалавека”, — гаворыцца ў публікацыі.

Гэтыя санкцыі, паводле слоў аўтараў, “ударылі па ключавых сектарах беларускай эканомікі, якія падсілкоўваюць як рэпрэсіі ўнутры краіны, так і злачынную вайну супраць Украіны”.

Адзначаецца, што ЕС “працягвае аказваць падтрымку беларускаму народу”, у рамках якой грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і праваабаронцам “прадастаўлена больш за 140 млн еўра”.

ЕС, падкрэсліваецца ў матэрыяле, “адкрыў свае дзверы для беларусаў, якія ратуюцца ад пераследаў, прапаноўваючы візы і міжнародную абарону тым, хто ў іх мае патрэбу”.

“Па стане на 2022 год у ЕС пражывала больш за 400 тыс. грамадзян Беларусі”, — паведамляецца ў тэксце.

“Гэтая падтрымка мела вырашальнае значэнне для захавання дэмакратычнага руху нават ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій. Акрамя таго, ЕС паабяцаў вылучыць 3 млрд еўраў на мірны дэмакратычны пераход у будучыні”, — заяўляюць Ціханоўская і Барэль.

На іх думку, Еўрасаюзу неабходна выкарыстоўваць у дачыненні да Беларусі “падвойную палітыку”, якая прадугледжвае “ізаляцыю рэжыму” і “падтрымку беларускага народа”.

У рамках гэтай палітыкі, гаворыцца ў артыкуле, неабходна зрабіць больш жорсткімі санкцыі, бо “рэжым Лукашэнкі з’яўляецца прамым саўдзельнікам вайны Расіі супраць Украіны, дазваляючы выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі”.

“Санкцыі з’яўляюцца інструментам уплыву на паводзіны рэжыму. Яны павінны быць і надалей накіраваныя на архітэктараў рэпрэсій. Рэжым павінен быць пазбаўлены рэсурсаў, якія ён выкарыстоўвае для падтрымання кантролю і дэстабілізацыі рэгіёну”, — удакладняецца ў публікацыі.

“Мы таксама павінны падтрымліваць намаганні па прыцягненні вінаватых да адказнасці, каб гарантаваць, што вінаватыя не застануцца беспакаранымі”, — падкрэсліваюць палітыкі.

Ціханоўская і Барэль таксама выступаюць за далейшую адрасную дапамогу ЕС беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку незалежным медыя і праваабаронцам.

“Ім патрэбная мэтавая дапамога — фінансавая, тэхнічная, палітычная — каб падтрымліваць полымя свабоды. Мы павінны супрацьстаяць дэзінфармацыі, падтрымліваць сем’і рэпрэсаваных і ўмацоўваць ініцыятывы, якія спрыяюць умацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці”, — адзначаюць аўтары артыкула.

У ім таксама гаворыцца пра неабходнасць супрацьстаяць “спробам Расіі сцерці ідэнтычнасць, культуру і мову Беларусі”.

Палітыкі заклікалі “забяспечыць мабільнасць простым беларусам”, асабліва моладзі, выдаваць ім візы: “Зачыняючы дзверы для рэжыму, мы павінны трымаць іх адкрытымі для народа Беларусі, асабліва для тых, хто ратуецца ад пераследаў”.

“Вызваліце палітычных зняволеных. Улічваючы, што за кратамі знаходзіцца больш за 1.300 чалавек, многія з якіх доўгі час утрымліваліся без сувязі са знешнім светам, мы павінны працягваць аб’ядноўваць нашы намаганні для іх вызвалення”, — заяўляецца ў артыкуле.

Звяртаецца ўвага на “крытычны стан” шэрагу палітвязняў. Для вызвалення рэпрэсаваных і спынення палітычнага пераследу ў Беларусі трэба “выкарыстоўваць усе даступныя інструменты, уключаючы санкцыі і дыпламатычныя намаганні”.

ЕС абавязаны “паказаць беларускаму народу яснае бачанне еўрапейскай будучыні”, перакананыя аўтары, “беларусы павінны ведаць, што аднойчы, калі яны будуць гатовыя, дзверы Еўрасаюза адчыняцца і для іх краіны”.

Падкрэсліваецца, што падтрымка ЕС дэмакратычнай Беларусі — “гэта не проста маральнае абавязацельства — гэта стратэгічная неабходнасць”, бо такая Беларусь “дапаможа забяспечыць мір і стабільнасць у рэгіёне, аслабіць уплыў Расіі ва Усходняй Еўропе і павысіць бяспеку Еўропы ў цэлым”.

“Беларусь — еўрапейская краіна. Яе жыхары падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і жыхары Варшавы, Парыжа і Берліна — свабоду, годнасць і самавызначэнне”, — заяўляюць Ціханоўская і Барэль.

“Вуліцы Мінска, Гродна і Віцебска адлюстроўваюць спадзяванні незлічоных беларусаў, якія рызыкавалі сваімі жыццямі ў 2020 годзе, мірна пратэстуючы за дэмакратычную будучыню. Яны зрабілі свой выбар: яны хочуць, каб Беларусь была свабоднай і незалежнай краінай”, — адзначаецца ў публікацыі.

Аднак, заяўляюць аўтары, сёння Беларусь знаходзіцца “на ростанях”.

“Ці застанецца яна ў пастцы пад абцасам дыктатара, які абслугоўвае імперскія амбіцыі Расіі? Ці ж яна намеціць новы курс у бок Еўропы і дэмакратыі? Гэтае пытанне тычыцца не толькі будучыні Беларусі, але і будучыні самой Еўропы. Дэмакратычная Беларусь будзе мець ключавое значэнне для забеспячэння доўгатэрміновага міру і стабільнасці ва Усходняй Еўропе”, — гаворыцца ў артыкуле.

77-гадовы Барэль напісаў сумесны артыкул з Ціханоўскай на свой сыход з пасады вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі. З 1 снежня гэтую пасаду займае былы прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас.

* Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідэра Франак Вячорка, у арыгінальнай версіі артыкула Лукашэнка не быў названы прэзідэнтам Беларусі. Дадатак быў зроблены рэдактарам EUobserver пры падрыхтоўцы публікацыі. Пазней згадка пра “прэзідэнта Беларусі” была выдаленая з артыкулу.

Падзяліцца: