Мінск 16:43

Галоўчанка ўвязаў рост курсу долара з рыторыкай Трампа

Скрыншот відэа

2 снежня, Позірк. Тое, што адбываецца на валютным рынку — “часовая з’ява, якая звязана з многімі фактарамі і ўнутранымі, і знешнімі”, заявіў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Паводле яго, “на фоне аб’яўлення вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША абраны прэзідэнт [Дональд Трамп] прадэклараваў лозунг у чарговы раз: “Зрабіць Амерыку вялікай”. І такія пасылы ўздзейнічаюць на міжнародны фінансавы рынак”.

“Усе чакаюць, што долар будзе мацнейшым. Адпаведна валютныя ф’ючэрсы ўжо ўлічваюць гэтую папраўку. Яны цалкам потым могуць адыграць назад”, — заявіў Галоўчанка, дадаўшы, што гэта “больш эмацыйнае рашэнне, якое таксама ўплывае на інвестараў”.

Пры гэтым, як адзначыў кіраўнік урада, з улікам таго, што ў Беларусі плаваючы валютны курс, “беларускі рубель аўтаматычна здэвальваваўся крыху да долара ЗША”, хоць “увесь час да гэтага беларускі рубель умацоўваўся да амерыканскай валюты”.

“Для нас самае галоўнае зараз — усё ж такі расійскі рубель і кітайскі юань. Гэта валюта нашых асноўных гандлёвых партнёраў і тых дружалюбных краін, якія з намі разлічваюцца ў гэтай валюце”, — падкрэсліў ён.

Рост афіцыйнага курсу долара ЗША да беларускага рубля ў лістападзе аказаўся рэкордным за апошнія 23 месяцы — з пачатку 2023 года, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз дынамікі на валютным рынку.

Амерыканская валюта падаражэла на 8,34% — з 3,3185 да 3,5951 рубля. Большы рост апошні раз быў у снежні 2022 года — 12,38% (з 2,4349 да 2,7364).

Са студзеня 2023 года да ліпеня 2024-га назіралася рознанакіраваная дынаміка курса. Значней за ўсё ён павысіўся ў жніўні (6,20%), лютым (6,09%) і чэрвені (3,73%) мінулага года. Найбольшая месячнае падзенне фіксавалася таксама ў 2023-м: у студзені (-3, 27%), кастрычніку (-2, 77%) і лістападзе (-2, 54%).

З пачатку 2024 года беларускі рубель аслабеў да валютнага кошыка на 1,03%.

Пры гэтым амерыканская валюта патаннела на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 29 лістапада: курс долара знізіўся да 3,5701 рубля (-0,025; -0,7%). Гэта адбылося ўпершыню з 6 лістапада. Да гэтага 12 сесій запар даляр абнаўляў гістарычны максімум — 28 лістапада падаражэў да 3,5951 рубля.

Старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна ў лістападзе, каментуючы “Позірку” аслабленне да гістарычнага мінімуму нацыянальнай валюты да долара, адзначыла, што беларускі рубель рэагуе на ваганні расійскага, у прыватнасці, яго падзенне ў адносінах да амерыканскай валюты.

“Мы не можам казаць, што адбываецца зніжэнне курсу нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют у цэлым. Пакуль беларускі рубель рэагуе рознанакіравана — да долара зніжаецца, да расійскага рубля ўмацоўваецца”, — сказала эксперт, адзначыўшы, што валюта РФ падае і набліжаецца да адзнакі 100 рублёў за долар.

Беларускі рубель заўсёды рэагуе на змены расійскага, падкрэсліла эканаміст. “Бо Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі, значныя разлікі паміж краінамі адбываюцца менавіта ў расійскіх рублях”, — удакладніла Лузгіна.

Падзяліцца: