Мінск 14:51

За 11 месяцаў фізасобы прадалі наяўнай валюты на 2,4 млрд долараў больш, чым купілі

Крыніца: pixabay.com

6 снежня, Позірк. У студзені — лістападзе 2024 года насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 10 млрд 47,4 млн долараў (тут і далей у эквіваленце), прадалі — на 11 млрд 579,4 млн (адмоўнае сальда — 1 млрд 532 млн).

Наяўнай валюты набыта на 6 млрд 774,8 млн, прададзена — на 9 млрд 178,1 млн (-2 млрд 403,3 млн), безнаяўнай — на 3 млрд 272,5 млн і 2 млрд 401,2 млн адпаведна (+871,3 млн).

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі (ЗВР) на 1 снежня склалі 8 млрд 794,9 млн долараў, зменшыўшыся за месяц на 139 млн (-1,56%).

Паводле інфармацыі рэгулятара, аб’ём ЗВР у манетарным золаце стаў меншы на 150,5 млн долараў (4 млрд 594,8 млн), кошт рэзерваў у спецыяльных правах запазычання (СДР) — на 23,2 млн (1 млрд 353,5 млн).

Рэзервовыя актывы ў замежнай валюце павялічыліся на 34,7 млн долараў (2 млрд 846,5 млн).

У 2023 годзе насельніцтва набыло наяўнай валюты на 6 млрд 31,7 млн долараў, прадало — на 8 млрд 391,7 млн. Безнаяўнай валюты жыхары краіны купілі на 3 млрд 904,7 млн, рэалізавалі — на 2 млрд 213,3 млн. Усяго наяўнай і безнаяўнай валюты за год яны набылі на 9 млрд 825,7 млн, прадалі — на 10 млрд 117,9 млн. Склалася адмоўнае сальда на ўзроўні 292,2 млн.

Падзяліцца: