Мінск 04:43

Дзелавы стыль адзення школьнікаў замацаваны заканадаўча

Фота: blizko.by

10 снежня, Позірк. Закон, якім “комплексна карэктуецца” Кодэкс аб адукацыі, падпісаў 10 снежня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

“Замацавана патрабаванне да навучэнцаў школ прытрымлівацца дзелавога стылю ў вопратцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, у дакумент “ўключаныя нормы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці, якасці і даступнасці адукацыі, пашырэнне дзяржаўнай абароны навучэнцаў, маладых спецыялістаў і сацыяльна ўразлівых катэгорый дзяцей і моладзі, а таксама на ўзмацненне адказнасці суб’ектаў адукацыйных адносін”.

У адпаведнасці з папраўкамі, урад надзяляецца паўнамоцтвамі на пераразмеркаванне і перанакіраванне на працу маладых спецыялістаў, прадастаўленне ім дадатковых сацыяльных гарантый, а мясцовыя органы ўлады — на арганізацыю “бясплатнай перавозкі навучэнцаў у межах населеных пунктаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў”.

Школам, размешчаным у пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктах, прадастаўляецца магчымасць “ажыццяўляць падрыхтоўку кіроўцаў механічных транспартных сродкаў і самаходных машын”, падкрэсліваецца ў рэлізе.

Пералік дзяцей, якія маюць пераважнае права пры прыёме ў санаторныя школы-інтэрнаты, дапоўнены катэгорыяй “дзеці-інваліды” да 18 гадоў у мэтах іх сацыяльнай падтрымкі.

Замежнікам, у адпаведнасці з абноўленым кодэксам, прадастаўлена права на атрыманне гранта для падрыхтоўкі да паступлення ў беларускія ўстановы адукацыі.

У лік педагагічных работнікаў ўключаныя прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі “ў мэтах павышэння іх статусу”.

Асноўныя палажэнні абноўленага Кодэкса аб адукацыі пачалі дзейнічаць з 1 верасня 2022 года. Сярод уведзеных тады абнаўленняў была абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (11 гадоў) замест агульнай базавай (9 гадоў). Новы кодэкс даў магчымасць падлеткам, якія знаходзяцца ў СІЗА, працягваць навучанне.

Папярэдняя рэдакцыя кодэкса ўступіла ў сілу 1 верасня 2011 года. У лютым 2017 года на сайце Мінадукацыі быў апублікаваны праект новага кодэкса, эксперты прапаноўвалі ўнесці змены ў дакумент. Грамадскі Балонскі камітэт прааналізаваў праект у кантэксце абавязацельстваў, узятых на сябе Беларуссю пасля ўступлення ў Балонскі працэс у 2015 годзе, прадставіў высновы грамадскасці і накіраваў прапановы па змяненні кодэкса ў дзяржорганы. Прапановы не былі ўлічаныя.

Падзяліцца: