Мінск 20:48

Вальфовіч: Колькасць беларускіх вайскоўцаў на паўднёвым кірунку ў разы меншая, чым з украінскага боку

Ілюстрацыйнае фота: sb.by

12 снежня, Позірк. Колькасць беларускіх вайсковых груповак на паўднёвым кірунку ў разы меншая, чым з украінскага боку, заявіў па выніках пасяджэння Савета бяспекі яго дзяржаўны сакратар Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба Міністэрства абароны, паблізу мяжы з Беларуссю знаходзіцца ўкраінская групоўка колькасцю каля 15 тыс. чалавек, уключаючы вайскоўцаў, паліцыю, унутраныя войскі і Нацыянальную гвардыю.

“А калі паглядзець у аператыўную глыбіню, то каля 100–110 тыс. [украінскіх] вайскоўцаў знаходзіцца побач з нашай паўднёвай мяжой. Таму ўсе гэтыя пагрозы, вядома, неабходна разглядаць і своечасова рэагаваць”, — сказаў Вальфовіч.

Паводле яго сцвярджэння, на тэрыторыі “ўсходне-еўрапейскага рэгіёну” на пастаяннай аснове знаходзяцца групоўкі колькасцю звыш 32 тыс. чалавек, у іх ліку — 17 батальённа-тактычных груп, прычым 11 — непасрэдна ля межаў Польшчы і краін Балтыі з Беларуссю.

Вальфовіч заяўляе, што колькасць авіяцыйнай групоўкі вагаецца ў межах 2.200–2.230 баявых самалётаў, з іх каля 1.120–1.130 самалётаў пастаянна знаходзяцца на аэрадромах Польшчы і краін Балтыі.

Ён адзначыў, што цяпер на тэрыторыі Еўропы праходзяць “тры буйныя вучэнні”, адно з якіх у Літве, акрамя гэтага, “пастаянна фіксуюцца пралёты разведвальнай авіяцыі”.

“Ваенна-палітычнае становішча, якое складваецца вакол Беларусі, на жаль, працягвае нагнятацца. Тыя дзеянні, якія робяцца, перш за ўсё, Злучанымі Штатамі Амерыкі і кіраўніцтвам блока НАТО вакол нашай краіны, не могуць выклікаць спакою. У Беларусі фіксуюць агрэсіўныя дзеянні з іх боку, якія накіраваныя якраз на дэстабілізацыю абстаноўкі ўнутры нашай краіны. Аднак ініцыяваныя імі палітычныя і эканамічныя меры не далі таго выніку, на які яны разлічвалі, і цяпер стаўка робіцца ў большай ступені на вайсковую актыўнасць, вайсковы складнік”, — заявіў Вальфовіч.

У апошнія два гады на тэрыторыі Украіны побач з беларускай мяжой знаходзіцца 14-тысячная групоўка вайскоўцаў, заявіў Вальфовіч 8 верасня ў эфіры тэлеканала АНТ.

Даныя Вальфовіч аб колькасці ўкраінскіх войскаў каля беларускай мяжы істотна — у 8,5 раза — адрозніваюцца ад лічбы, якую прывёў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” 15 жніўня (120 тыс.).

У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведвальнай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, бо вайскоўцы нібыта справіліся з сітуацыяй “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда заявіла пра здраду з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, вызваленыя ўкраінскія войскі былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

Падзяліцца: