Мінск 06:52

Пры тушэнні пажару ў віцебскім ГЦ “Беларусь” пацярпелі два супрацоўніка МНС

13 снежня, Позірк. Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры “Беларусь” ліквідаваны, паведаміў у 22:08 у тэлеграм-канале Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі МНС пры дапамозе вышыннай тэхнікі выратавалі 6 чалавек і 4 вывелі з памяшканняў пры дапамозе масак. Эвакуявалася 215 чалавек.

Усяго для правядзення выратавальных работ і ліквідацыі пажару была задзейнічана 21 адзінка тэхнікі і 90 супрацоўнікаў МНС. Плошча пажару склала 2 тыс. квадратных метраў.

Падчас ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі пацярпелі два супрацоўніка МНС. Іх жыццю і здароўю, паводле слоў Мялешкіна, нішто не пагражае.

На месцы працуе аператыўна-следчая група. Прычына і абставіны здарэння высвятляюцца.

Падзяліцца: