Мінск 21:36

Колькасць пацярпелых на пажары ў віцебскім ГЦ “Беларусь” вырасла да 20

Фота: vitbichi.by

15 снежня, Позірк. Аб павелічэнні колькасці пацярпелых на буйным пажары ў віцебскім гандлёвым цэнтры “Беларусь” паведаміў дзяржСМІ Дзмітрый Круты, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

“На 15 снежня колькасць пацярпелых — 20 чалавек. 16 непасрэдна ў дзень пажару і чатыры чалавекі звярнуліся пасля па псіхалагічную дапамогу”, — сказаў чыноўнік.

Адна жанчына, паводле яго слоў, “знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане”. “Удалося гэты стан стабілізаваць, тым не менш яна на сённяшні дзень падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх”, — удакладніў Круты.

“Стан двух пацярпелых палепшыўся, іх жыццю нічога не пагражае, і мы спадзяемся ў хуткім часе іх перавесці ў звычайныя аддзяленні тэрапіі. З дзяцей дзве пацярпелыя дзяўчынкі — лёгкая форма”, — дадаў ён.

Паводле яго сцвярджэння, сітуацыя з пажарам у ГЦ “Беларусь” узятая “на асаблівы кантроль” Лукашэнкі.

“Учора, у суботу, адбылася тэлефонная размова”, сказаў чыноўнік, адзначыўшы, што, “нягледзячы на замежную камандзіроўку” ў Аман, Лукашэнка “трымае руку на пульсе”.

“Было даручана, каб Адміністрацыя прэзідэнта каардынавала працу ўсіх адпаведных службаў і дзяржаўных органаў, максімальна сумленна адкрыта і аб’ектыўна праведзена было расследаванне, высветлены былі ўсе прычыны. Арганізавана ліквідацыя ўсіх наступстваў. Асаблівую ўвагу наш лідар надаў хутчэйшай рэабілітацыі пацярпелых. Міністр аховы здароўя неадкладна быў накіраваны ў Віцебск літаральна ноччу і знаходзіўся непасрэдна ў бальніцах, меў зносіны з пацярпелымі пацыентамі і забяспечвае кожную раніцу адпаведныя даклады”, — сказаў круты.

Таксама, паводле яго слоў, Лукашэнка запатрабаваў, каб “ніхто не сышоў ад адказнасці, усе вінаватыя, безумоўна, былі прыцягнутыя да адпаведнай адказнасці ў рамках заканадаўства”.

Увечары 13 снежня ў віцебскім ГЦ “Беларусь” адбыўся пажар, ахопленая агнём плошча дасягнула 2.000 квадратных метраў. 90 ратавальнікам спатрэбілася больш за чатыры гадзіны і 21 адзінка тэхнікі, каб справіцца са здарэннем. З будынка эвакуявалі больш за 200 чалавек.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 15 пацярпелых (шпіталізавана — 12), Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — пра двух пацярпелых ратавальнікаў.

14 снежня Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры. Следства вядзецца паводле ч. 2 арт. 304 КК (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне шкоды ў буйным памеры).

Падзяліцца: