Мінск 14:47

Беларусь і В’етнам дамовіліся ўмацоўваць вайсковую супрацу

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і Міністр нацабароны В'етнама Фан Ван Зянг
Фота: Арцём Берасцень / ІА "Ваяр"

17 снежня, Позірк. Пратакол, які пацвярджае намеры Беларусі і В’етнама ўмацоўваць двухбаковую супрацу, падпісалі 17 снежня ў Ханоі міністр абароны Віктар Хрэнін і яго в’етнамскі калега Фан Ван Зянг.

Беларускі чыноўнік, словы якога прыводзіць прэс-служба ваеннага ведамства, назваў В’етнам “адным з найбольш значных партнёраў” Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. “Лічу, што ў аснове паспяховага ўзаемадзеяння ляжаць падобныя прынцыпы знешняй палітыкі, перш за ўсё, прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання міжнародных праблем, супраца ў імя стварэння і развіцця, а не супраць іншых краін”, — заявіў ён.

Абмяркоўваючы з Фан Ван Зянгам ваенна-палітычную абстаноўку ў свеце, Хрэнін сказаў, што “ў справе падвышэння абараназдольнасці” Беларусь “адкрытая да супрацы з усімі краінамі, якія праводзяць у яе дачыненні дружалюбную палітыку”.

“В’етнам актыўна ўдзельнічае ў міратворчых місіях ААН, у аказанні гуманітарнай дапамогі, у пошукава-выратавальных аперацыях, у ліквідацыі наступстваў войнаў, — адзначыў беларускі міністр. — Ваша краіна робіць годны ўнёсак у стварэнне мірнай, стабільнай абстаноўкі, атмасферы супрацоўніцтва і развіцця ў рэгіёне і ў свеце. Мяркую, і па гэтых кірунках мы можам развіваць узаемадзеянне паміж узброенымі сіламі”.

Кіраўнікі ваенных ведамстваў “абмеркавалі стан узаемадзеяння, падвялі вынікі за 2024 год, адзначыўшы значны прагрэс”, а таксама “пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у пашырэнні і паглыбленні кантактаў”.

Хрэнін запрасіў свайго в’етнамскага калегу ў Беларусь. Той заявіў пра намер здзейсніць візіт у траўні 2025 года.

Фан Ван Зянг, паводле інфармацыі прэс-службы Мінабароны, заявіў, што Ханой зацікаўлены супрацоўнічаць і абменьвацца досведам у сферы вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, развіцця аўтаматызаваных сістэм кіравання, ваеннай навукі, а таксама ўзаемадзейнічаць у галіне міратворчасці і падрыхтоўкі вайсковых кадраў.

Беларуская дэлегацыя наведвае В’етнам з 16 снежня. Апрача двухбаковых сустрэч запланаваны ўдзел Хрэніна ў выставе Vietnam Defence Expo 2024.

У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Лыёнг Кыёнга з абраннем на пасаду прэзідэнта В’етнама і запрасіў яго наведаць Беларусь. З красавіка 2016 года па чэрвень 2024-га в’етнамскі чыноўнік займаў пасаду дырэктара галоўнага ўпраўлення палітыкі Народнай арміі. У гэты перыяд, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, вайскова-палітычны дзеяч “садзейнічаў развіццю супрацы паміж Беларуссю і В’етнамам у сферы абароны і бяспекі”.

На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня ў Мінску Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.

Падзяліцца: