Мінск 05:57

Амбасадар у РФ Рагожнік абмеркаваў у Маскве транзіт беларускай драўніны

17 снежня, Позірк. Працоўную сустрэчу з кіраўніком расійскага Федэральнага агенцтва лясной гаспадаркі Іванам Саветнікавым правёў у Маскве 17 снежня амбасадар Беларусі ў РФ Аляксандр Рагожнік, паведамляе прэс-служба дыпмісіі.

“Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні пашырэння супрацоўніцтва ў сферы лясной гаспадаркі, а таксама арганізацыі транзіту лесапрадукцыі беларускага паходжання праз тэрыторыю Расіі з 1 студзеня 2025 года”, — адзначылі ў амбасадзе.

Адзначаецца, што бакі “дамовіліся працягваць шчыльную каардынацыю працы ў галіне арганізацыі перавозак беларускай лясной прадукцыі па тэрыторыі Расіі”.

28 сакавіка міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік заявіў, што ў 2023 годзе “ўпершыню ў гісторыі” аб’ём паставак піламатэрыялаў — сухіх, струганых, ацыліндраваных, з ачышчанай ад кары драўніны — склаў 955 тыс. кубаметраў.

“2024 год таксама пачынаецца паспяхова, — адзначыў чыноўнік. — У лютым на экспарт пайшло амаль 94 тыс. кубаметраў пілапрадукцыі — рэкорд! Мы развярнуліся на ўсход, выйшлі на азіяцкія рынкі, у нас ёсць добрыя партнёры ў дзесяці краінах”.

Паводле слоў Куліка, у міністэрства прыязджаюць замежныя дэлегацыі, для наладжвання кантактаў і ўмацавання ўжо існуючых сувязяў.

“Таму няхай на Захадзе перажываюць. Бо ў краінах Балтыі і Польшчы цэлыя заводы былі разлічаныя на нашы піламатэрыялы — яны, напрыклад, дасушвалі нашу прадукцыю”, — заявіў кіраўнік ведамства, дадаўшы, што ў частцы машынабудавання прадпрыемства “Амкадор” замяніла 90% лясной тэхнікі.

Міністр падкрэсліў, што ўведзеныя ў 2022 годзе [праз ролю Беларусі ў нападзе Расіі на Украіну] санкцыі нанеслі “сур’ёзны ўдар”. “Але дзякуючы спрытнасці — нашай і нашых асноўных пакупнікоў унутры краіны — мы справіліся. Стабілізаваліся. Ідзем у плюс”, — дадаў ён.

Пелетныя вытворчасці Беларусі “ў сілу вядомых знешніх абставін цяпер працуюць сяк-так”, а захады, якія прымае ўрад, не далі чаканага выніку, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Паводле яго слоў, Беларусь можа вырабляць амаль мільён тон пелет у год.

Лукашэнка заявіў пра недастатковыя намаганні з боку “некаторых адказных асоб” па арганізацыі экспартных паставак гэтага віду паліва і яго выкарыстанні на ўнутраным рынку.

“У нас жа прэзідэнт з’ездзіў, дамовіўся… Будзем тапіць газам, дровы не патрэбныя, пелеты не патрэбныя”, — сказаў ён.

Санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да беларускага экспарту, уключаючы дрэваапрацоўку, былі ўведзеныя 2 сакавіка 2022 года і набылі поўную сілу 4 чэрвеня — да гэтага часу дазвалялася выконваць раней заключаныя кантракты. У 2021 годзе на экспарт у ЕС пайшло драўніны на суму 3,2 мільярда долараў.

8 сакавіка 2022 года Міжнародны савет дырэктараў FSC (Лясны папячыцельскі савет — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лясной прадукцыяй) вырашыў прыпыніць сертыфікацыю экспартнай прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і РФ з-за агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: