Мінск 20:38

За тыдзень на падставе бязвізу Беларусь наведала больш за 5 тыс. еўрапейцаў, амаль палова — жыхары Латвіі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

23 снежня, Позірк. За мінулы тыдзень (16–23 снежня) Беларусь у бязвізавым рэжыме наведала 5.092 жыхары еўрапейскіх краін (тыднем раней — 4.065), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У краіну накіравалася 2.477 грамадзян і неграмадзян Латвіі (тыднем раней — 1.430), 1.314 грамадзян Літвы (1.611), 488 грамадзян Польшчы (483) і 813 грамадзян з ліку прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх дзяржаў (541).

З 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.024.285 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 322.427 замежнікаў, Літвы — 584.491, Польшчы — 103.278. З 19 ліпеня 2024-га ў краіну накіравалася 14.089 замежнікаў з 35 краін, уключаных у спіс “пашыранага бязвізу”.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025 года.

Падзяліцца: