Мінск 09:53

97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах — даклад BelPol

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

26 снежня, Позірк. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі праводзіліся з грубейшымі парушэннямі заканадаўства, іх вынікі істотна фальсіфікаваліся. Пры гэтым фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў — толькі апошні этап, да якога праводзіцца праца паводле пэўнай схемы. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аб’яднання былых сілавікоў BelPol “Аб гатоўнасці сістэмы фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2025 года“.

Адзначаецца, што даклад раней быў прадстаўлены на многіх закрытых мерапрыемствах з удзелам міжнародных партнёраў, выкладзеная інфармацыя не вычарпальная.

“Яна падрыхтаваная камандай BelPol на падставе як агульнадаступных звестак, так і верыфікаваных паведамленняў асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі і правядзення ў Беларусі выбарчых кампаній. Прадстаўнікі BelPol самі з’яўляліся сведкамі некаторых з апісаных падзей”, — падкрэсліваюць аўтары.

У сістэму “незаконнага ўтрымання ўлады дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам“ BelPol уключыў некалькі пунктаў: зняцце з выбарчай гонкі патэнцыйна моцных сапернікаў, стварэнне для Лукашэнкі выключных умоў у выбарчай кампаніі, рэпрэсіі і супрацьдзеянне апазіцыйным кандыдатам з боку КДБ і іншых сілавых структур, поўны кантроль рэжымам выбарчых камісій, абмежаванне правоў назіральнікаў, супрацьдзеянне міжнародным назіральнікам, выкарыстанне пэўнай методыкі фальсіфікацый вынікаў галасавання.

У выбараў 2025 года, адзначаецца ў дакладзе, ёсць адрозненні ад папярэдніх кампаній.

“Упершыню наогул не будзе кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі, бо яны не змаглі вылучыцца. Калі б ініцыятыўная група такога прэтэндэнта і была б зарэгістраваная, прадстаўнік дэмакратычных сіл не змог бы сабраць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для рэгістрацыі, з прычыны вышэйзгаданых рэпрэсій нават у дачыненні да радавых выбаршчыкаў. Усе намінальныя апаненты А. Лукашэнкі на выбарах 2025 года з’яўляюцца асобамі, падкантрольнымі рэжыму (у тым ліку і былы прадстаўнік апазіцыі Ганна Канапацкая). Гэта значыць, на будучых прэзідэнцкіх выбарах у грамадзян Беларусі не будзе нават фармальнай магчымасці прагаласаваць за рэальнага апанента дыктатару А. Лукашэнку“, — гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, на выбарах 2025 года ўпершыню наогул не будзе незалежнага назірання (у 2020 годзе яно праводзілася часткова) з-за рэпрэсій у дачыненні да назіральнікаў, а таксама ліквідацыі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія дэлегавалі назіральнікаў.

“Магчымасці вылучыцца незалежным назіральнікам шляхам збору подпісаў грамадзян альбо ад працоўнага калектыву ў асоб, не падкантрольных рэжыму, таксама не будзе праз татальныя палітычныя рэпрэсіі ў краіне“, — гаворыцца ў дакладзе.

BelPol вывучыў склад участковых камісій, якія будуць працаваць на выбарах. У 265 камісіях 63% членаў удзельнічалі ў трох апошніх электаральных кампаніях: у 2020 годзе (прэзідэнцкая), 2022-м (рэферэндум) і 2024-м (“адзіны дзень галасавання“ на выбарах у парламент і мясцовыя саветы). 23% бралі ўдзел у двух з гэтых трох кампаній, яшчэ 11% — у адной з іх. Такім чынам, у 2025 годзе ў камісіях будзе толькі 3% новых людзей, якія раней не бралі ўдзелу ў выбарах, падкрэсліваецца ў дакладзе.

Падзяліцца: