Мінск 20:41

Дырэктар моўнай школы Streamline стаў фігурантам справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў

Крыніца: сацсеткі моўнай школы

27 снежня, Позірк. У дачыненні да заснавальніка школы замежных моў Streamline, яго жонкі і іншых кіраўнікоў цэнтра ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 ст. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), паведаміла 27 снежня прэс-служба Следчага камітэта.

Ведамства не называе імёнаў, аднак вядома, што заснавальнікам і дырэктарам школы з’яўляецца Эдуард Цалюк.

Паводле інфармацыі СК, на маёмасць фігурантаў справы (у тым ліку дамы і зямельныя ўчасткі), агульны кошт якой перавышае 9 млн рублёў, накладзены арышт.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, навучальны цэнтр “Адукацыйныя тэхналогіі” (валодае брэндам Streamline) быў створаны як некамерцыйная арганізацыя для вядзення адукацыйнай дзейнасці, праз што меў “асаблівы рэжым” падаткаабкладання, аднак “заснавальнік прыдумаў, як абыйсці законныя патрабаванні ажыццяўлення некамерцыйнай дзейнасці, фактычна “перакваліфікаваўшы” яе ў камерцыйную”.

Паводле сцвярджэння ведамства, у 2012 годзе заснавальнік і яго жонка “распрацавалі некалькі спосабаў па вывадзе грошай з рахункаў”. Навучальны цэнтр, як заяўлена, пачаў выдаваць ім як індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама афіляванай арганізацыі беспрацэнтныя пазыкі; акрамя таго, яны здавалі свайму навучальнаму цэнтру ў арэнду ўласныя адміністрацыйныя памяшканні.

За 12 гадоў пазыка, як сцвярджаецца, склала каля 29 млн беларускіх рублёў. Грошы выкарыстоўваліся “на асабістыя мэты, у тым ліку на развіццё іншых напрамкаў бізнесу, прасоўванне ІП і будаўніцтва нерухомасці”.

“Такое вядзенне бізнесу прывяло да таго, што школа не магла аплаціць нават наяўныя выдаткі ўстановы, таму прыйшлося адкрыць крэдытную лінію. Пазначаная злачынная дзейнасць старанна хавалася, а для яе рэалізацыі былі задзейнічаныя ключавыя супрацоўнікі кампаніі — намеснікі дырэктара і галоўны бухгалтар”, — заяўляе СК. У ведамстве сцвярджаюць, што “фактычная дзейнасць навучальнага цэнтра была скіраваная і на матэрыяльнае ўзбагачэнне заснавальніка”.

Паводле папярэдніх даных, сума “шкоды, прычыненай дзяржаве”, склала больш за 17 мільёнаў рублёў. Кліентам, якім не былі аказаныя паслугі па навучанні замежным мовам, вернута больш за 414 тыс. рублёў і дадзеная магчымасць далейшага навучання ў іншых арганізацыях.

Заяўляецца таксама пра аднаўленне парушаных правоў кліентаў, “у сувязі з чым 184 работнікам забяспечана выплата заробкаў, а 171 работніку — канчатковы разлік пры звальненні”, 109 фізічным асобам, якія аказвалі паслугі ўстанове на падставе грамадзянска-прававых дагавораў, “ажыццёўлена выплата ўзнагароджання”. Агульная сума склала больш за 885 тыс. рублёў.

Сёлета 22 кастрычніка з запісу ў базе Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў стала вядома, што прыватная моўная школа Streamline знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.

Медыяпраект “Альянс расследавальнікаў Беларусі” заяўляў, што прычынай ліквідацыі стала праверка, праведзеная Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

23 кастрычніка Цалюк “з глыбокім шкадаваннем” заявіў пра “няпростыя прававыя абставіны”, якія склаліся вакол школы.

Паводле яго слоў, 22 кастрычніка ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама паведаміла супрацоўнікам Streamline пра пачатак працэдуры ліквідацыі навучальнага цэнтра, пры гэтым прававыя падставы, якія паслужылі чыннікам для ліквідацыі, раскрытыя не былі.

Падзяліцца: