Мінск 23:05

Назіраць за выбарамі дазволена амаль 29 тыс. чалавек, большасць — члены праўладных саюзаў і партый

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

11 студзеня, Позірк. Камісіі розных узроўняў да 8 студзеня акрэдытавалі 28.330 нацыянальных назіральнікаў за сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызначыў на 26 студзеня 2025 года, вынікае з даных на сайце Цэнтрвыбаркама.

Пераважная большасць — 27.361, або 96,58%, — зарэгістравана ўчастковымі камісіямі. Раённыя камісіі акрэдытавалі 705 назіральнікаў (2,49%), раённыя ў гарадах — 190 (0,67%), абласныя і Мінская гарадская — 40 (0,14%), гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) — 27 (0,1 %), ЦВК — 7 (0,02%).

Варта адзначыць, што на 23 снежня 2024 года было ўсяго 960 акрэдытаваных нацыянальных назіральнікаў. Такім чынам, за паўмесяца іх колькасць вырасла амаль у 30 разоў.

Грамадскія арганізацыі прадстаўляюць 18.905 назіральнікаў (66,73%). Гэта члены:

прафсаюзаў са структуры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — 5.162 (27,3% усіх прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў; 18,22% нацыянальных назіральнікаў),

  • ГА “Белая Русь” — 2.924 (15,47%; 10,32%),
  • Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — 2.729 (14,44%; 9,63%),
  • Беларускага саюза жанчын — 2.705 (14,31%; 9,55%),
  • Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў — 2.598 (13,74%; 9,17%),
  • іншых аб’яднанняў — 2.088 (11,04%; 7,37%).

У траўні 2023 года Міністэрства юстыцыі вызначыла названыя арганізацыі “суб’ектамі грамадзянскай супольнасці”, якія маюць права на “ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі ў асаблівых формах”.

У якасці назіральнікаў акрэдытавана 3.550 членаў палітычных партый (12,53%):

  • “Белая Русь” — 1.859 (52,37 усіх партыйных прадстаўнікоў; 6,56% нацыянальных назіральнікаў),
  • Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) — 924 (26,03%; 3,26%),
  • Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС) — 517 (14,56%; 1,82%),
  • Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) — 250 (7,04%; 0,88%).

Гэта ўсе партыі, якія засталіся пасля праведзенай улетку і ўвосень 2023 года зачысткі палітычнага поля Беларусі. Усе яны лаяльныя да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, у якасці назіральнікаў зарэгістраваныя асобныя грамадзяне, якія падалі адпаведную заяву, — 3.491 (12,32% нацыянальных назіральнікаў), а таксама вылучэнцы працоўных калектываў — 2.384 (8,42%).

Такім чынам, з 28.330 нацыянальных назіральнікаў праўладныя аб’яднанні і партыі прадстаўляюць 22.455 чалавек — 79,26%.

На 8 студзеня ЦВК зарэгістравала 362 замежныя назіральнікі (на 27 снежня — 251, рост на 44,22%).

Ад Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў акрэдытавана 190 назіральнікаў (+34,75%; 141), Міжпарламенцкай асамблеі СНД — 50 (рост у 2,8 раза; 18) замежных выбарчых органаў — 29 (+45%; 20), Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — 16 (рост у 2 разы; 8); лік “незалежных назіральнікаў” — 57 (+29,55%; 44).

Нязменнай засталася колькасць назіральнікаў з Сакратарыята Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (1), Моладзевай арганізацыі Руху недалучэння (2), парламентаў удзельнікаў СНД (3), Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (14).

Усё гэта дружалюбныя да рэжыму Лукашэнкі арганізацыі.

Агулам да назірання за выбарамі-2025 на гэты момант дапушчана 28.692 чалавекі.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем улад. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістраваныя Аляксандр Лукашэнка, лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч, старшыня КПБ Сяргей Сыранкоў, кіраўнік РППС Аляксандр Хіжняк, былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

23 кастрычніка 2024 года беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі галасаваць “супраць усіх”.

Падзяліцца: