Мінск 18:37

На выставе дасягненняў Лукашэнкі гомельская дзяржгазета вывесіла артыкул пра банду “Пажарнікі”, якая ўзнікла ў год яго прыходу і арудавала больш за 10 гадоў

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 12 студзеня 2025 года ў 16:41

Фота: "Гомельская праўда"

12 студзеня, Позірк. У рамках прапагандысцкай кампаніі з нагоды 30-годдзя стварэння “інстытута прэзідэнцтва“ дзяржаўная газета “Гомельская праўда“ арганізавала выставу “Гомельшчына 30 гадоў таму: трэба было ратаваць краіну…“.

У гомельскім Музеі гісторыі друку і фатаграфіі “на 15 макетах з друкаванымі матэрыяламі і фотаздымкамі ў рэтраспектыве адлюстраваныя этапы станаўлення суверэннай Беларусі“, гаворыцца ў матэрыяле газеты пра выставу.

На двух фотаздымках з выставы — стэнды, прысвечаныя крыміналу, у тым ліку вядомым гомельскім бандам “марозаўцаў“ і “пажарнікаў“. Першая з’явілася яшчэ ў канцы 1980-х гадоў, другая — у 1994-м, у год прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады.

“Пажарнікі” арудавалі больш за дзесяць гадоў. За гэты час Лукашэнка правёў рэферэндум аб пашырэнні сваіх паўнамоцтваў (1996) і зняцці абмежаванняў на колькасць тэрмінаў знаходжання на пасадзе прэзідэнта (2004), зніклі яго вядомыя апаненты — былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і былы старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Віктар Ганчар (абодва ў 1999 годзе), яшчэ адзін, Генадзь Карпенка, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13-га склікання, памёр ва ўзросце 49 гадоў пры дзіўных абставінах (1999).

Крымінальная справа ў дачыненні да членаў банды была ўзбуджаная ў 2003 годзе. Першы судовы працэс пачаўся ў 2005 годзе, апошні завяршыўся ў 2010-м. Асуджаныя былі таксама супрацоўнікі сілавых структур. Увосень 2014 года паведамлялася, што некаторыя “пажарнікі“, якія выйшлі на волю, здзейснілі новыя злачынствы.

“Усе заплюшчвалі вочы на тое, што робіць банда: міліцыя, КДБ і г.д. Прастытуткі насілі заявы ў КДБ на тое, што іх “пажарнікі“ б’юць. А назаўтра “пажарнікі“ гэтыя заявы паказвалі прастытуткам і зноў білі іх“, — адзначыў у кароткім каментары “Позірку“ адзін з журналістаў, які займаўся справай “пажарнікаў”.

Паводле сцвярджэння “Гомельскай праўды“, “з прыходам да ўлады першага прэзідэнта Беларусі пачалася маштабная зачыстка крымінальнага свету“, “сёння Гомель — гэта іншы горад, а Беларусь — іншая краіна“, “злачынныя аўтарытэты зніклі, дзеці спакойна гуляюць на вуліцах, а бяспека стала рэальнасцю, якой могуць пазайздросціць іншыя краіны”.

Заснавальнікі газеты “Гомельская праўда“ — Гомельскі аблвыканкам, Гомельскі абласны Савет дэпутатаў і камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”. З 2001 года галоўным рэдактарам з’яўляецца член Савета Рэспублікі, член камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы Сяргей Бяспалы (62 гады). Неаднаразова ўзнагароджваўся Аляксандрам Лукашэнкам (ордэн Пашаны, медаль Ф.Скарыны, падзяка, званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь“).

Падзяліцца: