Кандыдат у прэзідэнты Сыранкоў: Мы разумеем непазбежнасць перамогі Лукашэнкі і падтрымліваем яе
15 студзеня, Позірк. Кандыдат у прэзідэнты, старшыня праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў у другім агітацыйным выступе па радыё 15 студзеня заявіў аб падтрымцы на выбарах Аляксандра Лукашэнкі.
“Дзякуючы палітыцы Аляксандра Лукашэнкі мы не пайшлі па шляху прыватызацыі, шокавай тэрапіі і знішчэння сацыяльных заваёў БССР, не распрадалі свае прадпрыемствы замежнікам і не раздалі іх алігархам, не падзялілі калгасы і саўгасы“, — заявіў кіраўнік КПБ.
Паводле яго сцвярджэння, “сіла волі і палітыка” Лукашэнкі збераглі Беларусь “ад шляху Прыбалтыкі, а тым больш Украіны”.
Камуністы, паводле яго слоў,“не проста разумеюць непазбежнасць перамогі Аляксандра Рыгоравіча, але і падтрымліваюць яе”.
Галоўнай інтрыгай гэтай кампаніі ён назваў тое,“хто і з якой праграмай атрымае другі вынік”.
Сыранкоў заявіў, што другое месца на выбарах дасць магчымасць “больш упэўнена ўдзельнічаць у прыняцці палітычных рашэнняў і ўплываць на змест” праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку.
“Калі другім будзе кандыдат з праграмай шокавай тэрапіі, прыватызацыі, распілоўвання дзяржуласнасці, знішчэння сацыяльнай дзяржавы, або кандыдат з дуляй на плакаце, з папулісцкімі лозунгамі і гарлавымі нервовымі выкрыкамі, то ўявіце сабе, як яны змогуць паўплываць на настрой у грамадстве і далейшы стан нашай радзімы”, — заявіў кіраўнік КПБ, верагодна, маючы на ўвазе іншага кандыдата, старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча (на агітацыйных улётках ён намаляваны з дуляй).
Другім, лічыць ён, павінен быць кандыдат з праграмай “пераемнасці паглыблення пераўтварэнняў” Лукашэнкі.
Гаворачы аб сваёй праграме, Сыранкоў адзначыў, што хоча перагледзець кантрактную сістэму, якая “ўводзілася ў канцы 90-х і была вымушанай мерай”.
“Праз рост аб’ёму работ і вытворчасцяў пытанне забяспечанасці працоўнымі кадрамі стаіць вельмі востра, — канстатаваў ён. — А ў стратэгічнай перспектыве перад нашым грамадствам стаіць жорсткі выбар: або завозіць працоўных мігрантаў з-за мяжы, або мабілізаваць унутраныя працоўныя рэсурсы і пераразмяркоўваць іх унутры краіны. Кампартыя аддае перавагу не мігрантам, а ўласным працоўным рэсурсам”.
Адным з пунктаў вырашэння праблемы, на яго думку, з’яўляецца пераход да бестэрміновых працоўных дагавораў, што “ўзмоцніць упэўненасць грамадзян у сваёй будучыні і затрымае іх на працоўных месцах”.
Другім пунктам ён назваў замацаванне ў Канстытуцыі працы, як “свяшчэннага абавязку”. “Гэта значыць, мы павінны паставіць задачу забеспячэння ўсеагульнай занятасці нашых грамадзян. Гэта не азначае, што мы хочам вярнуць дэкрэт аб дармаедстве. Наша мэта, каб усе працаздольныя грамадзяне працавалі. Ніякіх грашовых збораў з непрацуючых мы не збіраемся ўводзіць”, — падкрэсліў Сыранкоў.
Ён раскрытыкаваў “засілле прыватных і замежных банкаў у краіне” і прапануе паступовую нацыяналізацыю ўсёй банкаўскай сістэмы з яе пераходам да “народнай банкаўскай структуры” па галіноваму прынцыпу (ашчадны банк, аграрны, прамыслова-будаўнічы, вонкава-эканамічны і інш.).
“Хопіць карміць за кошт народа гэтых тлустых катоў, якія зарабляюць мільёны долараў”, — заклікаў камуніст.
Акрамя гэтага, у сваім выступе Сыранкоў прапанаваў пабудаваць другую атамную электрастанцыю на паўднёвым усходзе краіны.
Таксама з другім радыёзваротам 15 студзеня выступіла кандыдат, былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая. Як і ў мінулы раз, яна зачытала сваю праграму на беларускай і рускай мовах.
Цэнтральная выбарчая камісія 23 снежня 2024 года зарэгістравала пяць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах, якія адбудуцца 26 студзеня.
Акрамя Сыранкова, Канапацкай, Гайдукевіча і Лукашэнкі, у кампаніі ўдзельнічае старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк.
Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць аб імітацыі канкурэнцыі.
З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ГрамадстваТРВОД чакае, што на Вадохрышча ў вадаёмы акунецца 300 тыс. чалавекМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУраджайнасць памідораў у цяпліцах зніжаецца ў гадавым выражэнні восем месяцаў запар — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 14 студзеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства