Мінск 02:35

Галоўчанка анансаваў новую формулу рэгулявання цэн, яна будзе “адсякаць спекулятыўнае ваганне”

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

17 студзеня, Позірк. Улады набліжаюцца да “пэўнай мадэлі” цэнаўтварэння, якую ў бліжэйшы час “канчаткова зацвердзіць” урад, заявіў 17 студзеня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, падводзячы вынікі працы эканомікі за 2024 год.

Пасля гэтага рашэнне будзе прадстаўлена для абмеркавання “іншым членам кіраўніцтва краіны” і Аляксандру Лукашэнку, паведаміў прэм’ер (цытата паводле відэа ў тэлеграм-канале ўрада).

Нагадаўшы, што “справядлівай формулы” цэнаўтварэння раней запатрабаваў Лукашэнка, Галоўчанка адзначыў, што гэтая задача “безумоўна, будзе выканана ў бліжэйшы час”.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, ён “не мае права” раскрываць дэталі, пра механізмы рэгулявання цэн можна будзе гаварыць пасля таго, “як гэтыя прапановы будуць абмеркаваныя ў шырокім коле, з удзелам усіх зацікаўленых, прынятыя агульным рашэннем” і падтрыманыя Лукашэнкам. “Магу сказаць, што праца над гэтым пытаннем вядзецца дастаткова даўно, апошнія паўгода”, — дадаў чыноўнік.

Паводле яго сцвярджэння, над цэнаўтварэннем цяпер “працуюць не толькі чыноўнікі, не толькі ўрад”, але і “сур’ёзны экспертны ўзровень”, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага бізнесу.

“Ідзе дастаткова адкрытая дыскусія. Праблема ў тым, што, як заўсёды ў любой складанай праблеме, вельмі шмат невядомага, і паміж фактарамі вельмі сур’ёзная сувязь. То-бок, быццам бы крануў адно, і пачынаецца эфект даміно”, — адзначыў Галоўчанка.

У аснове новай мадэлі цэнаўтварэння, дадаў ён, “ляжаць прадказальныя правілы паводзін на рынку для ўсіх“.

“Мэта — не рэгуляваць цэны наўпрост, а адсякаць спекулятыўнае ваганне. Для гэтага, магчыма, будуць уведзеныя пэўныя цэнавыя калідоры, мэтай якіх стане факусіраванне на той ці іншай праблеме. Адысці ад прамога рэгулявання цаны па пазіцыях даволі шырокага спектра і перайсці ў рэжым цэнавых калідораў нам дапаможа інфармацыйна-аналітычная сістэма “Аналіз цэн”, якая ствараецца, — адзначыў Галоўчанка.

Ён станоўча ацаніў практыку, якая выкарыстоўваецца ў Беларусі, па “адсочванні тавараў, маркіроўцы, увядзенні электронных рахункаў-фактур”. “Сабраўшы ў адным месцы ўсю гэтую інфармацыю і навучыўшыся сістэмна стасавацца адзін з адным, мы будзем атрымліваць у любы момант інфармацыю пра цану любога тавару ў любой гандлёвай кропцы нашай краіны. Гэта адна з самых аптымальных канцэпцый, але дэталі мы прадставім крыху пазней”, — рэзюмаваў Галоўчанка.

30 снежня міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў (14 студзеня прызначаны амбасадарам у Казахстане) заявіў у эфіры тэлеканала СТБ, што ўрад рыхтуе тры варыянты трансфармацыі сваёй пастановы № 713 ад 19 кастрычніка 2022 года — “ад найбольш жорсткага да больш, так бы мовіць, ліберальнага”.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады пра цэнавую сітуацыю ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчэнні росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсёй спажывецкай карзіны. Пазней з яе былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн.

Пастанова № 713 можа быць адменена “ў недалёкай будучыні”, паведаміў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры ўрадзе 31 кастрычніка 2024 года.

Падзяліцца: