Мінск 21:56

Удзельнікі Вільнюскага саміту свабоды заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

15 кастрычніка, Позірк. Адрасаваны ў тым ліку ўладам Беларусі заклік вызваліць усіх палітвязняў утрымліваецца ў супольнай заяве, якую 15 кастрычніка прынялі ўдзельнікі Вільнюскага саміту свабоды.

Апрача кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў Літвы і міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House, якія выступілі арганізатарамі форуму, у ім узялі ўдзел літоўскія парламентарыі, прадстаўнікі замежных дзяржаў, грамадзянскай супольнасці, эксперты ў галіне правоў чалавека, а таксама былыя палітвязні, дэмакратычныя лідары і праваабаронцы з Беларусі, Расіі, Кубы, Венесуэлы і Украіны.

Аўтары заявы віталі дыпламатычныя намаганні ЗША, якія спрыялі вызваленню шэрагу беларускіх і венесуэльскіх вязняў, заклікалі неадкладна і безумоўна вызваліць астатніх і гарантаваць ім “права заставацца ў сваіх краінах і карыстацца ўсімі правамі чалавека і асноўнымі свабодамі”.

“Аўтарытарныя рэжымы па ўсім свеце працягваюць саджаць у турмы тых, хто выступае за свабоду, — гаворыцца ў заяве. — Многія палітвязні сутыкаюцца з бесчалавечнымі ўмовамі ўтрымання, якія прыніжаюць годнасць, адмовай у належнай медыцынскай дапамозе, працяглай ізаляцыяй, жорсткім абыходжаннем і катаваннямі. <…> Мы заклікаем неадкладна спыніць гэтую практыку і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў”.

“Неабходная больш шчыльная міжнародная каардынацыя для аказання палітычнай, прававой, гуманітарнай і практычнай падтрымкі палітвязням як падчас іх зняволення, так і пасля вызвалення. <…> Міжнародная супольнасць мае аб’яднацца для выкрыцця гэтых практык і супрацьдзеяння ім, уключаючы транснацыянальныя рэпрэсіі, скіраваныя супраць іншадумцаў і актывістаў па-за межамі дзяржаўных рубяжоў”, — адзначылі аўтары дакумента, асобна асудзіўшы тое, што ўлады Беларусі прызналі Еўрапейскі дзяржаўны ўніверсітэт, які працуе ў Вільнюсе, “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Удзельнікі саміту заявілі пра сваю непахіснасць у “падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларускага народа і яго права вызначаць будучыню свабоднай, дэмакратычнай і суверэннай Беларусі”, выказалі “поўную салідарнасць з дэмакратычнымі лідарамі Беларусі, незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі, якія працягваюць змагацца за свабоду, нягледзячы на ўсё больш жорсткія рэпрэсіі”.

“Мы цвёрда падтрымліваем дэмакратычныя сілы Беларусі, Расіі, Кубы, Нікарагуа і Венесуэлы. <…> Мы зноў пацвярджаем нашу нязменную падтрымку Украіны, безумоўна асуджаем жорсткую агрэсіўную вайну Расіі і саўдзел беларускага рэжыму, а таксама адхіляем любыя формы падтрымкі агрэсара, уключаючы ўдзел Кубы і яе грамадзян, якія ваююць на баку расійскіх войскаў ва Украіне”, — гаворыцца ў заяве.

Удзельнікі сустрэчы канстатавалі, што нельга мірыцца з “практыкай злоўжывання прававымі механізмамі з боку Беларусі, Расіі ды іншых аўтарытарных рэжымаў, якая атрымлівае ўсё большы распаўсюд, з мэтай задушэння грамадзянскай супольнасці і апраўдання варожых дзеянняў супраць іншых дзяржаў”.

“Мы павінны супольна працаваць над тым, каб не дапусціць узмацнення ўплыву агрэсараў, сістэматычных парушальнікаў правоў чалавека і аўтарытарных рэжымаў праз іх абранне ў праваабарончыя ды іншыя выбарныя органы міжнародных арганізацый”, — адзначылі яны.

Дэмакратычная салідарнасць, перакананыя аўтары дакумента, мае вымярацца “не толькі словамі, але і канкрэтнымі і паслядоўнымі дзеяннямі, у тым ліку шляхам прыцягнення да барацьбы за свабоду новых удзельнікаў, уключаючы прадстаўнікоў прыватнага сектара”.

“Ва ўмовах, калі аўтарытарныя рэжымы ўсё больш актыўна каардынуюць свае дзеянні праз дзяржаўныя межы, абменьваючыся рэпрэсіўнымі метадамі, тэхналогіямі, прапагандысцкімі прыёмамі і палітычнай падтрымкай, дэмакратыі павінны адказваць на гэта з такім жа адзінствам і рашучасцю. <…> Разам дэмакратычная супольнасць працягне падтрымліваць усіх, хто мірнымі сродкамі абараняе чалавечую годнасць, свабоду, справядлівасць і права кожнага народа вызначаць уласную будучыню”, — падкрэслілі ўдзельнікі саміту.

Ціханоўская заклікала Еўропу да адзінства перад абліччам дыктатур

15 кастрычніка, Позірк. Захоўваць адзінства і рашуча адказваць на дзеянні дыктатур заклікала дэмакратычныя краіны Святлана Ціханоўская, выступаючы 15 кастрычніка з асноўнай прамовай на Вільнюскім саміце свабоды. "Дыктатары спрабуюць нас падзяліць, — цытуе беларускага палітыка яе прэс-служба. — Яны правяраюць нашыя …
Падзяліцца: