Прэзідэнт Літвы Наўседа: Трэба абмеркаваць юрыдычны і дыпламатычны аспекты “пашпарта новай Беларусі”

19 студзеня, Позірк. Пра неабходнасць абмеркаваць падрабязнасці праекта “пашпарта новай Беларусі” заявіў журналістам 19 студзеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Паводле яго слоў, якія перадае партал respublika.lt, важнасць прадстаўляюць “юрыдычны і дыпламатычны аспекты гэтага пытання”.
“Я лічу, гэта варта ўлічваць”, — сказаў літоўскі прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, намаляванага на вокладцы “пашпарта новай Беларусі” не варта перабольшваць.
“Вы ведаеце, ніхто не збіраецца перапісваць гісторыю. Гісторыя такая, якая яна ёсць. <…> У мяне і ў многіх няма сумневаў у тым, што такое гістарычная сталіца Літвы, адкуль узялася наша палітычная воля і палітычная сіла, што яна прыйшла з Вільнюса і ахоплівала тэрыторыі цяперашніх Беларусі і Украіны”, — сказаў Наўседа.
“І, шчыра кажучы, я не думаю, што “Віціс” як выдатны і прыгожы літоўскі сімвал можа быць выкарыстаны іншымі народамі, таму што ён адлюстроўвае нашу волю, творчасць і мужнасць”, — дадаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
На яго думку, Літва, “безумоўна, можа” дазволіць выкарыстоўваць “Віціс” народам, якія “вызнаюць свабоду” і не ўхваляюць палітыку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Раней на падабенства гербаў звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў Літвы.
“На пашпарце дэмакратычнай Беларусі дзяржаўны герб Літвы “Віціс” не выкарыстоўваецца”, — падкрэслілі ў ведамстве.
Падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, намаляванага на вокладцы дакумента, МЗС пракаментаваў так: “Адна з асноўных прапагандысцкіх ліній — гэта спроба пасварыць літоўцаў і беларускія дэмакратычныя сілы па пытанні дзяржаўнай сімволікі. Па гэтым пытанні, як і па іншым пытанні — літвінізму, мы бачым мэтанакіраваную дзейнасць рэжыму Лукашэнкі”.
Перад гэтым дэпутаты Сейма ад партыі “Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы” Аўдронюс Ажубаліс, Лаўрынас Кашчунас, Валдас Ракуціс, Казіс Старкявічус і Арвідас Поцюс выказалі занепакоенасць з нагоды нібыта выявы дзяржаўнага герба Літвы на “пашпарце новай Беларусі” і папрасілі МЗС “прааналізаваць сітуацыю”.
Старшыня камітэта Сейма па замежных справах Рэмігіюс Матузас заявіў, што Літве не варта прызнаваць “альтэрнатыўны беларускі пашпарт”: “Гэта некалькі паспешны крок, патрэбны быў больш пільны аналіз, кансультацыі. Пашпарт гэта і Шэнгенская зона, і прастора Еўрасаюза. Гэта надзвычай адчувальнае пытанне”.
Ён адзначыў, што беларусам, якія пражываюць у Літве, можа быць прадастаўлены прытулак, выдадзены від на жыхарства ў гэтай краіне. На яго думку, выдача новага дакумента можа насіць сімвалічны характар.
Адказваючы на пытанне, як ён ставіцца “да ініцыятывы выявы на пашпартах новай Беларусі сімвала, запазычанага з герба Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)”, Матузас сказаў: “Мая першая рэакцыя была негатыўнай, як быццам гэта было крыніцай нейкага памкнення да літоўскай дзяржаўнасці. Аднак варта было б пагаварыць з прадстаўнікамі офіса Святланы Ціханоўскай, магчыма, яны проста хацелі паказаць, што пражываюць тут і лаяльныя да нашай сімволікі. З іншага боку, “Віціс” афіцыйна не прызнаны ва ўсіх нашых геральдычных структурах”.
Друк “пашпарта новай Беларусі” будзе ажыццяўляцца ў Беларускім пашпартным цэнтры ў Вільнюсе, “разглядаецца магчымасць стварэння аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, Украіне”, паведаміў 14 студзеня дырэктар праекта Марус Гудэлайціс.
Прымаць заяву на выраб і выдачу пашпарта плануецца пачаць 26 студзеня, сказаў ён.
Будучы статус пашпарта “падлягае абмеркаванню”, падарожнічаць з ім “будзе нельга да ўключэння яго ў базы трэвел-дакументаў”.
Аб праекце “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года.
У сакавіку 2024 года АПК паведаміў аб завяршэнні стварэння “пашпартнага цэнтра” і фарміравання “каманды прафесіяналаў”, якая будзе займацца праектам.
28 траўня Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікаваў даследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “кашалёк” Лукашэнкі. Як кампанія — распрацоўшчык дакумента звязана з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты БРЦ сцвярджалі, што літоўскае прадпрыемства Garsų Pasaulis звязанае з блізкім да Лукашэнкі бізнесменам, а Геральдычную раду ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаВысновы КЛДДЖ па Беларусі могуць выкарыстоўвацца ў расследаванні злачынстваў рэжыму — дарадца ЦіханоўскайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваПракуратура плануе праверкі ў дзіцячых лагерах па ўсёй краінеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаУ студзені намінальны сярэдні заробак знізіўся амаль на 10% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 22–24 лютага 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка