Мінск 07:00

ДДБ Літвы абверг інфармацыю аб падрыхтоўцы ваенізаваных груп беларусаў

20 студзеня, Позірк. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы папярэдзіў аб распаўсюдзе ў сацсетцы “Фэйсбук“ фэйкавага дакумента, у якім сцвярджаецца, што літоўская выведка рыхтуе ваенізаваныя групы беларусаў.

“Апублікаваны ў Facebook нібыта дакумент ДДБ аб разведвальнай дзейнасці беларускіх ваенізаваных фарміраванняў з’яўляецца адкрытай фальшыўкай, якая не мае нічога агульнага з рэальнай дзейнасцю ДДБ, і павінен разглядацца як частка антылітоўскай інфармацыйнай кампаніі, якая працягваецца. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі гэтая кампанія ўзмацняецца”, — гаворыцца ў рэлізе.

Як адзначае LRT, у прыведзеных ДДБ фрагментах фэйкавага дакумента паведамляецца, што ведамства нібыта прыняло рашэнне аб “стварэнні падкантрольнага ваенна-патрыятычнага клуба “Літвіны“, прыводзяцца характарыстыкі яго членаў і гаворыцца аб недастатковай падрыхтоўцы клуба да “развіцця актыўных дзеянняў у дачыненні да Беларусі“. У дакуменце нямала арфаграфічных памылак.

25 красавіка 2024 года на Усебеларускім народным сходзе старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель заявіў, што спецслужба нібыта прадухіліла ўдары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Мінску і ваколіцах. Літоўскі сілавы блок назваў гэта дэзінфармацыяй, МЗС уручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю дыпламатычную ноту з патрабаваннем “неадкладна абвергнуць дэзінфармацыю”.

На наступны дзень тэлеканал “Белсат” паведаміў, што атрымаў у распараджэнне падпісаны тагачасным прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыем Сахашчыкам ліст з папярэджаннем аб “падрыхтоўцы акту агрэсіі”. Палітык пацвердзіў сапраўднасць дакумента, але “вельмі прасіў яго не публікаваць” і ад далейшых каментароў адмовіўся.

28 красавіка фотакопія дакумента з’явілася ў адкрытым доступе. У ім выканаўцамі патэнцыйнай атакі на энергааб’ект была названая “група асоб з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі краін ЕС”, якая нібыта “афіляваная з адным з ваенна-патрыятычных клубаў беларускіх апазіцыйных ініцыятыў у Польшчы і Літве”. Прадстаўнікі абедзвюх згаданых у лісце структур абверглі дачыненне да падобных планаў.

29 красавіка Сахашчык заявіў, што ягоны ліст аб “магчымай правакацыі з атакай на беларускія аб’екты крытычнай энэргетычнай інфраструктуры” быў накіраваны на “прадухіленне гэтай пагрозы”.

Шэраг экспэртаў выказалі меркаванне, што дэзінфармацыя аб “падрыхтоўцы акту агрэсіі” была падкінутая Сахашчыку ад КДБ для дыскрэдытацыі беларускіх парамілітарных клубаў за мяжой, а прадстаўнік АПК прыняў яе на веру і распаўсюдзіў. Гэта дало Церцелю падставу заяўляць пра “спыненне атакі дронамі”.

Сяргей Алейнік, які займаў тады пасаду міністра замежных спраў, 6 траўня 2024 года параіў літоўскім палітыкам “перастаць падтрымліваць экстрэмістаў”, бо гэта можа мець эфект бумеранга. “Гісторыя паказвае, што рана ці позна любыя экстрэмісцкія або тэрарыстычныя фармаванні пачынаюць гуляць у сваю гульню, — заявіў Алейнік. — І часцяком гэтая гульня ажыццяўляецца ў тым ліку супраць тых краін, якія займаліся падтрымкай і фінансаваннем іх дзейнасці”.

Алейнік сцвярджаў, што ўлады Літвы ведаюць пра размешчаныя на тэрыторыі краіны “ваенізаваныя фарміраванні, якія плануюць змену ўлады ў Беларусі”, але “патураюць гэтаму”.

У той жа дзень літоўскі калега Алейніка Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што ягоная краіна з вялікай заклапочанасцю назірае “з’яўленне ілжывых паведамленняў“ і выказвае “пратэст беларускаму ўраду“ даступнымі для яе спосабамі.

Падзяліцца: