Мінск 19:27

Улетку 2024 года каля 15% працаздольнага насельніцтва Мінскай вобласці не было занята ў эканоміцы — дакумент

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 студзеня а 10:36.

Крыніца: 1prof.by

20 студзеня, Позірк. На 1 ліпеня 2024 года ў Мінскай вобласці налічвалася 111.243 асоб працаздольнага ўзросту, не занятых у эканоміцы. Пра гэта гаворыцца ў прадстаўленні абласной пракуратуры, накіраваным старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамары Красоўскай.

Копію дакумента ад 26 ліпеня 2024 года за подпісам першага намесніка пракурора Мінскай вобласці Дзмітрыя Рудакова прадаставіла Позірку аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на гэты перыяд у Мінскай вобласці ў эканоміцы было занята 668.249 чалавек. Адпаведныя лічбы прыведзеныя ў бюлетэні ведамства “Сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь” за студзень — ліпень 2024-га.

Такім чынам, доля не занятых у эканоміцы ў рэгіёне складала ў гэты перыяд 14,3%.

Скриншот: "Позірк"

“Пракуратурай вобласці праведзены комплекс наглядна-аналітычных мерапрыемстваў рэалізацыі мясцовымі органамі ўлады дзяржаўнай палітыкі ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва, выканання заканадаўства аб працаўладкаванні ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне”, — паведамляе ў прадстаўленні Рудакоў.

Супрацоўнік пракуратуры канстатуе, што мясцовыя органы ўлады абавязаныя “садзейнічаць у працаўладкаванні грамадзян на наяўныя вакансіі і створаныя працоўныя месцы”, а таксама павінны “аказваць беспрацоўным кансультатыўную, метадычную і прававую дапамогу; праводзіць прафілактычную працу, накіраваную на рэсацыялізацыю асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”.

У дакуменце ўдакладняецца, што са згаданых 111.243 грамадзян, не занятых у эканоміцы, “толькі 28.388 асоб (або 25,52% ад агульнай колькасці зарэгістраваных) запрашаліся на пасяджэнні пастаянна дзеючых камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва”. 1.025 чалавек (3,61%) былі “накіраваныя ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для працаўладкавання”, з іх працаўладкавалася 147 (0,13%), удакладняе пракурор.

“Пры гэтым на тэрыторыі вобласці 2.121 грамадзянін з ліку асоб, не занятых у эканоміцы, вядзе асацыяльны лад жыцця”, — адзначаецца ў прадстаўленні.

Крыніца: "Позірк"

У дакуменце таксама ўтрымліваецца інфармацыя аб працаўладкаванні грамадзян, вызваленых з папраўчых устаноў.

На 1 ліпеня для гэтай катэгорыі асоб у Мінскай вобласці было забраніравана 1.422 працоўных месцаў, працаўладкавана — 146 чалавек (10,27%). Пры гэтым усяго адзін грамадзянін звярнуўся ў дзяржорганы “за выдачай накіравання на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі”.

“Адсутнасць асабістай матывацыі асоб, вызваленых з папраўчых устаноў, да афіцыйнага працаўладкавання, нежаданне праходзіць навучанне і перанавучанне, а таксама выпрацаванай сістэмы правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы з названымі асобамі і, як следства, прыняцця індывідуальных рашэнняў, накіраваных на рэсацыялізацыю дадзенай катэгорыі грамадзян, цягне за сабой нізкую эфектыўнасць прадугледжаных заканадаўствам мер па садзейнічанні ў пошуку прыдатнай працы”, — наракае Рудакоў.

Нагляднымі органамі, паводле яго слоў, устаноўлена, што ў вобласці не вядзецца таксама “сістэмная праца з грамадзянамі, якія не маюць пастаяннага месца жыхарства”. “У асноўным праца з названай катэгорыяй грамадзян зводзіцца да прапановы варыянтаў працаўладкавання з прадастаўленнем жылля”, — гаворыцца ў дакуменце.

Улады Беларусі прызнаюць востры дэфіцыт працоўных рук на рынку працы. Рэгулярна пра гэта выказваецца Аляксандр Лукашэнка.

5 кастрычніка, звяртаючыся ў Мікашэвічах (Брэсцкая вобласць) да ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2024”, ён заявіў, што “тысячы і тысячы [беларускіх грамадзян] лайдачаць”. “Вядома, я зраблю са свайго боку ўсё для таго, каб іх прыцягнуць да высакароднай працы, не толькі сялянскай. Але вы павінны мне ў гэтым дапамагчы. Мы ж працаўнікі. Беларусы заўсёды былі працаўнікамі. І нядобра, калі мільёны людзей працуюць, а дзесьці тысячы боўтаюцца без справы. Нам трэба вырашыць гэтую праблему”, — сказаў Лукашэнка.

Не дапускаць адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў цяпер з’яўляецца “задачай нумар адзін”, заявіў ён 16 лістапада ў Клімавічах (Магілёўская вобласць) на абласным свяце “Дажынкі”.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што “працаваць жадаюць далёка не ўсе”, і папярэдзіў: “Рыхтуйцеся, бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе, усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю”. “Мы дапаможам, дамо працоўнае месца, толькі ідзіце працаваць. Тыя, хто перашкаджаюць людзям жыць… хлопцы, мы з вамі будзем сур’ёзна разбірацца, не крыўдуйце”, — заявіў спікер.

29 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ № 402 “Аб сацыяльнай падтрымцы”. Дакумент прыняты “ў мэтах узмацнення сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян”. Указам прадугледжваецца “адмена абмежавання на памер пенсіі працуючым пенсіянерам, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць выкарыстання на рынку працы асоб пенсійнага ўзросту”.

Каля 10 тыс. пенсіянераў могуць вярнуцца на рынак працы пасля зняцця абмежаванняў памеру пенсій для працуючых пенсіянераў, паведаміла 3 лістапада ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.

25 студзеня 2018 года быў падпісаны дэкрэт № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, які адкарэктаваў дэкрэт № 3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. У базу “дармаедаў” тады ўнеслі блізу паўмільёна чалавек, яна ўвесь час папаўняецца.

Пачынаючы з 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме.

Пры гэтым у базу “дармаедаў” пры прадастаўленні пацвярджаючых документаў не ўключаюцца асобы, якія працуюць або вучацца у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) — Расіі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі.

Аводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс.

Паводле інфармацыі ініцыятывы “Кіберпартызаны”, з 2018 года па 2023-ы Беларусь пакінула 211.286 грамадзян працаздольнага ўзросту. У 2018 годзе з краіны з’ехалі 26.222 чалавекі, 2019-м — 27.299, 2020-м — 25.430, 2021-м — 35.432, 2022-м — 52.635, 2023-м — 44.268.

Як паведамляў Позірк, за апошні год беларуская эканоміка страціла 20 тыс. работнікаў. У лістападзе 2024-га на рынку працы было занята 4 млн 120,5 тыс. чалавек — на 0,07% больш, чым у кастрычніку (4 млн 117,5 тыс.; +0,21%) і на 0,48% менш, чым год таму (4 млн 140,5 тыс.).

У студзені мінулага года ў эканоміцы было занята 4 млн 129,1 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 132,9 тыс., сакавіку — 4 млн 137,8 тыс., красавіку — 4 млн 126,5 тыс., траўні — 4 млн 112,2 тыс., чэрвені — 4 млн 113,6 тыс., ліпені — 4 млн 114,9 тыс., жніўні — 4 млн 118,5 тыс., верасні — 4 млн 108,7 тыс.

Міліцыя прапануе "вярнуць артыкул за дармаедства" — дзяржСМІ

3 лютага, Позірк. Пасля парламенцкіх выбараў міліцыя плануе накіраваць у Нацыянальны сход прапанову "вярнуць артыкул за дармаедства", а таксама ўзняць гэтую тэму на будучым Усебеларускім народным сходзе, вынікае з матэрыялу дзяржаўнага выдання "Гродзенская праўда". Выданне спасылаецца на начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя …
Падзяліцца: