Мінск 01:35

Партугалія падтрымлівае барацьбу за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі — МЗС

Паўлу Ранжэл і Святлана Ціханоўская
Фота: МЗС Партугаліі

23 студзеня, Позірк. Міністр замежных спраў Партугаліі Паўлу Ранжэл падчас сустрэчы на палях Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе са Святланай Ціханоўскай “пацвердзіў падтрымку барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі“, паведамляе ў “Х“ прэс-служба знешнепалітычнага ведамства пірэнейскай дзяржавы.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, міністр таксама падкрэсліў, што пазіцыя Лісабона “застанецца прынцыповай і паслядоўнай“.

Ціханоўская прапанавала суразмоўцу падтрымаць у АБСЕ ініцыятыву запуску Маскоўскага механізму адразу пасля завяршэння выбарчай кампаніі, якую дэмсілы называюць “бязвыбарамі”, і далучыцца да ініцыятыў для прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях.

Бакі, гаворыцца ў прэс-рэлізе прэс-службы Ціханоўскай, дамовіліся арганізаваць міжнародную канферэнцыю, прысвечаную дэмакратычнаму транзіту, пераходнай справядлівасці і прымірэнню.

“Ціханоўская адзначыла, што Партугалія з яе досведам пераходу ад дыктатуры Салазара з’яўляецца ідэальным месцам для такога мерапрыемства. Дамовіліся запрасіць прадстаўнікоў краін, якія прайшлі праз такі досвед“, — інфармуе прэс-служба.

Дэмлідар таксама адзначыла, што Партугалія “стала домам для сотняў беларусаў і кампаній, асабліва ў сферы ІТ, якія знайшлі тут прытулак пасля 2020 года“.

27 траўня 2024 года Ціханоўская падчас візіту ў Партугалію абмеркавала з прэм’ер-міністрам краіны Луішам Мантэнегру абмежаванні ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Адзначалася, што кіраўніца АПК выказала надзею на “плённае і цеснае супрацоўніцтва з Партугаліяй“, а таксама захаванне прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі аб ізаляванні рэжыму, “але не беларусаў“.

Палітыкі абмеркавалі пытанне санкцый, “у прыватнасці тых, што тычацца беларускіх калійных угнаенняў”.

8 студзеня таго ж года кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расеі і рэжыму Лукашэнкі не адбываецца, бо яна блакуецца некаторымі чальцамі Еўрапейскага саюза. Ён адзначыў, што Партугалія блакавала прыняцце новага пакета абмежавальных мер супраць рэжыму Лукашэнкі, ставячы пытанне аб зняцці санкцый на беларускі калій.

У 1932-1968 гадах Партугалія знаходзілася пад дыктатурай Антоніу ды Салазара.

Падзяліцца: