Мінск 07:07

Лукашэнка спадзяецца ўсталяваць кантроль над “Арэшнікам” у Беларусі, але Расія не дазволіць — ISW

Ілюстрацыйнае фота: Sivani Bandaru / unsplash.com

27 студзеня, Позірк. Расійскія ўлады “працягваюць размываць беларускі суверэнітэт” шляхам павелічэння “сталай вайсковай прысутнасці” і размяшчэння ў Беларусі “ракетных комплексаў”, гаворыцца ў новай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі звярнулі ўвагу на заяву Аляксандра Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі 26 студзеня пра тое, што расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” прыбудзе ў Беларусь “з дня на дзень”.

“Лукашэнка сцвярджаў, што Расія можа размясціць комплексы “Арэшнік” у адным з беларускіх гарадоў, напрыклад, у Оршы, што месціцца непадалёк ад Смаленска на захадзе Расіі, — гаворыцца ў дакуменце. — Лукашэнка сцвярджаў, што размяшчэнне Расіяй ракет “Арэшнік” у Беларусі з’яўляецца прамым адказам на разгортванне амерыканскіх ракет у Еўропе, і заяўляў, што ракеты “Арэшнік” абароняць Беларусь”.

“Лукашэнка, верагодна, спадзяецца ўсталяваць пэўную форму кантролю над выкарыстаннем Расіяй ракет “Арэшнік”, размешчаных у Беларусі, каб падтрымаць суверэнітэт Беларусі, які слабее, але Масква, верагодна, захавае аператыўны кантроль над ракетамі і іх выкарыстаннем”, — адзначылі аналітыкі.

У ISW мяркуюць, што размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі “не прывядзе да істотнай змены расійскага вайсковага патэнцыялу ў дачыненні да Еўропы і Украіны”, паколькі РФ “ужо даўно захоўвае сістэмы ўзбраенняў з аналагічнай баявой нагрузкай і большай далёкасцю ў Калінінградзе і іншых месцах на мацерыковай частцы Расіі”.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня 2024 года ў Мінску Лукашэнка і Пуцін падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі. Расійскі прэзідэнт у той жа дзень заявіў, што гэты дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, як ён сцвярджае, размешчананую “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

На згаданым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі комплекс “Арэшнік”. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт Расіі.

На палях саміту Еўразійскага эканамічнага саюза 26 снежня 2024 года ў Ленінградскай вобласці РФ Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа размясціць на сваёй тэрыторыі “пакуль дзясятак” комплексаў “Арэшнік”, а “далей паглядзім”. На прэс-канферэнцыі сёлета 26 студзеня ён заявіў, што “пажартаваў” наконт колькасці.

Падзяліцца: