Мінск 19:13

Выбары ў Беларусі суправаджаліся масавымі парушэннямі заканадаўства — праваабаронцы

27 студзеня, Позірк. Маніторынг усіх этапаў электаральнай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што “выбары прэзідэнта не адпавядалі міжнародным стандартам” і “суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь”, гаворыцца ў папярэдняй аналітычнай справаздачы місіі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Адзначаецца, што выбары “адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі”.

“Улады працягваюць адвольна пераследаваць па палітычных падставах кандыдатаў, членаў выбарчых штабоў і ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і проста неабыякавых грамадзян, якія паставілі свой подпіс за вылучэнне незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2020 года”, — канстатуюць праваабаронцы.

Падкрэсліваецца, што прызначэнне выбараў на 26 студзеня 2025 года, за шэсць месяцаў да чаканай даты іх правядзення і за сем дзён да крайняга тэрміну рэгістрацыі ініцыятыўных груп, “сведчыць аб інструменталізацыі электаральных працэдур і маніпуляцыі заканадаўствам”. “Па сутнасці, улады падагналі дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушыўшы выбарчае заканадаўства з пункту гледжання роўнасці магчымасцяў кандыдатаў і прынцыпу прадказальнасці выбараў, прадугледжанага міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў”, — гаворыцца ў справаздачы.

Усе этапы выбарчага працэсу “не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі яго шырокай народнай падтрымкі”, адзначаецца ў дакуменце.

Пра гэта сведчыць, паводле ацэнак праваабаронцаў, поўнае падаўленне права на свабоднае выказванне меркавання, свабоду мірных сходаў, свабоду асацыяцый і іншых правоў чалавека.

У справаздачы звяртаецца ўвага на непразрыстае фарміраванне выбарчых камісій, на ўдзел у кампаніі “ўзгодненых уладамі кандыдатаў, якія пабудавалі свае перадвыбарчыя праграмы не на крытыцы палітыкі Лукашэнкі, а на яго поўнай падтрымцы (за выключэннем Ганны Канапацкай)”.

Таксама праваабаронцы адзначаюць, што збор подпісаў быў накіраваны на стварэнне бачнасці падтрымкі толькі Лукашэнкі, пры гэтым выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс і прымус. Удакладняецца, што адмова падпісвацца магла стаць падставай для палітычнага пераследу.

Пры агітацыі ўсе кандыдаты, акрамя Лукашэнкі, былі “практычна нябачныя ў інфармацыйнай прасторы”, а ў яго падтрымку быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс “для імітацыі палітычнай актыўнасці і шырокай падтрымкі”. У сувязі з гэтым кампанію можна назваць “абслугоўваннем культу Лукашэнкі”, заяўляе місія.

Праваабаронцы падкрэсліваюць у справаздачы працяг практыкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а таксама “атмасферу запалохвання” з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў і дзяжурствам супрацоўнікаў МУС на ўсіх участках для галасавання.

Працэдура падліку галасоў таксама прызнаная непразрыстай. Праваабаронцы ўказваюць, што заяўленыя рэкордныя лічбы яўкі (85,7%), у тым ліку на датэрміновым галасаванні (41,81%), якія перавышаюць даныя 2020 года (84,38% і 41,70% адпаведна), калі ўзровень палітызацыі і мабілізацыі грамадства быў “значна вышэйшы, што было відавочна па чэргах на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання”.

Адзначаецца “поўная адсутнасць незалежных назіральнікаў” і тое, што “правядзенне свабоднай і адкрытай выбарчай кампаніі немагчымае ў сітуацыі палітычнага тэрору, які працягваецца”.

Аўтары дакумента канстатуюць, што інфармацыйная прастора ў Беларусі цалкам зачышчаная, “практычна ўсе незалежныя СМІ выціснутыя з краіны, а распаўсюд іх матэрыялаў з-за мяжы значна ўскладнены палітычна матываваным злоўжываннем антыэкстрэмісцкім заканадаўствам”.

“Ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі і палітычныя грамадскія арганізацыі, а іх лідары і многія актывісты зазналі пазбаўленне волі або вымушаныя пакінуць Беларусь праз пагрозу адвольнага, палітычна матываванага пераследу”, — гаворыцца ў справаздачы.

“Рэпрэсіўны ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва на праваабарончыя арганізацыі, і іх масавая ліквідацыя выключаюць грамадзянскі кантроль за правядзеннем выбараў. Незалежнае грамадзянскае назіранне за выбарамі ўнутры краіны адсутнічае; з міжнародных назіральнікаў запрошаныя толькі палітычна ангажаваныя”, — рэзюмуюць аўтары дакумента.

Падзяліцца: