Мінск 21:17

На пажары ў Лунінецкім раёне загінула аднагадовая дзяўчынка

Крыніца: СК

27 студзеня, Позірк. Пра пажар са смяротным зыходам паведаміла 27 студзеня прэс-служба Следчага камітэта.

Трагедыя адбылася ў вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна (Брэсцкая вобласць).

Адзначаецца, што загарэўся жылы дом, у якім “пры ліквідацыі пажару работнікі МНС знайшлі цела аднагадовай дзяўчынкі”.

“Паводле папярэдніх даных, 25-гадовая жанчына выйшла на двор па гаспадарчых справах, а яе трое дзяцей (1, 3 і 5 гадоў) засталіся ў доме адны. Праз некаторы час двое старэйшых хлопчыкаў прыбеглі да мамы і паведамілі пра пажар. Полымя ахапіла дом, што не дазволіла мясцовай жыхарцы выратаваць аднагадовую дачку”, — гаворыцца ў паведамленні.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Папярэдняй версіяй пажару ведамства называе “дзіцячае свавольства з агнём”.

Раніцай 27 студзеня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што з пачатку года ў Беларусі адбыўся 451 пажар — на 11,2% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (508). Загінула 65 чалавек (-15,6%; 77), траўмавана — 42 (аналагічна). Дзяцей сярод загінулых на той момант не было.

Падзяліцца: