Мінск 00:43

Сем банкаў абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентамі

29 студзеня, Позірк. Сем банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб змене асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Банк БелВЭБ” адкрыў крэдытную лінію для фізічных асоб — плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход. Такія кліенты могуць аформіць крэдыт на спажывецкія патрэбы да 10 тыс. рублёў на тэрмін да 7 гадоў. Аформіць заяўку можна ў любым сэрвісным офісе. Яна будзе разгледжана на працягу аднаго працоўнага дня. Працэнтная стаўка па крэдыце — ад 15,9% гадавых.

Банк ВТБ (Беларусь) павялічыў максімальны тэрмін карыстання кліентамі індывідуальным банкаўскім сейфам (ячэйкай сейфа) да 24 месяцаў. Таксама пашыраны пералік паўнамоцтваў у рамках афармлення і пасведчання банкам даверанасці. Цяпер давераная асоба зможа распараджацца маёмасцю даверніка, якая знаходзіцца на захоўванні ў фінансава-крэдытнай установе, а таксама закрываць банкаўскія рахункі і ўклады.

“Белгазпрамбанк” павялічыў ліміт на здзяйсненне аперацый па транзакцыях паміж рахункамі фізічных асоб, адкрытымі ў банках Беларусі, у рамках сістэмы імгненных плацяжоў да 500 рублёў у суткі.

“БНБ Банк” аднавіў прыём укладаў у доларах ЗША не толькі на 36, але яшчэ і на 6, 13 і 24 месяцы. Працэнтная стаўка для безадзыўных доларавых укладаў: 6 месяцаў — пад 0,1% гадавых; 13, 24 і 36 месяцаў — пад 1% гадавых. Першапачатковы ўзнос — ад 100 долараў для безадзыўных укладаў тэрмінам 6, 13 месяцаў і ад 1 тыс. для ўкладаў на 24, 36 месяцаў.

“БСБ банк” у сваім дадатку CryptoCourse (крыптакашалёк, створаны ў супрацоўніцтве з Whitebird) падаўжае да 31 студзеня акцыю па зніжаных камісіях па куплі/продажы крыптавалют (па акцыі ўзнагароджанне банка пры продажы складае 1,5% замест 2,5%; пры куплі — 2,5% замест 3%). Опцыя дазваляе “імгненна выводзіць свой профіт на карту VISA CryptoCourse”, адзначылі ў банку.

МТБанк з 6 сакавіка дадае новую аперацыю “выдача на фізічным носьбіце раней выпушчанай віртуальнай банкаўскай аплатнай карткі”. Новаўвядзенне закране тарыфныя планы па Visa Platinum, Visa Classic, Visa Gold, Visa Signature Prime, Visa Infinite Prime, Mastercard Standard, Mastercard Black Edition Prime, Mastercard World Elite Prime. Плата за дадзеную аперацыю спаганяцца не будзе.

Тэхнабанк будзе спаганяць камісію за перавод сродкаў у іншыя банкі на падставе плацежнага даручэння кліента, плацежнага патрабавання ў кітайскіх юанях у памеры 0,2% ад сумы (мінімум 60 долараў, максімум — 200 долараў ЗША).

На 1 студзеня 2025 года ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк.

Прыбытак банкаў на 1 снежня 2024 года склаў 3 млрд 425,7 млн рублёў — на 26,7% больш, чым на аналагічную дату 2023-га (2 млрд 703,1 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак Нацыянальнага банка. За месяц гэты паказчык павялічыўся на 178,6 млн рублёў (на 1 лістапада — 3 млрд 247,1 млн; +5,5%).

Падзяліцца: