Мінск 00:53

Другі дзень запар у Беларусі абнаўляецца гістарычны рэкорд цяпла

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 студзеня, Позірк. Чацвёрты дзень запар на беларускіх метэастанцыях абнаўляюцца лакальныя тэмпературныя рэкорды, другі дзень запар — абсалютныя гістарычныя максімумы, сведчыць праведзены “Позіркам“ параўнальны аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета.

28 студзеня ў Брэсце паветра прагрэлася да 11 градусаў вышэй за нуль. Ранейшы экстрэмум трымаўся 42 гады (10,5 градуса 28 студзеня 1983 года ў Высокім). У самім Брэсце лакальны рэкорд быў роўны да гэтага 10,3 градуса (з 1983 года). У Высокім новы максімум — 10,9.

Перапісаныя рэкорды ў сталіцы і яшчэ трох абласных цэнтрах. У Мінску было 7,7 градуса (7 у 1983 годзе), Гомелі — 7,3 (7,2 у 1983-м), Магілёве — 6,8 (4,3 у 2016-м), Віцебску — 5,6 (4,1 у 2016-м).

Агулам экстрэмумы абнавіліся на 39 з 48 метэастанцый, за якімі вядзецца назіранне (з даступным архівам), днём раней — на 44, пры гэтым таксама быў перапісаны абсалютны максімум (12,8 градуса ў Пінску супраць 10 градусаў 27 студзеня 1983 года ў Брэсце). З 83 рэкордаў, перакрытых за два дні, 48 адносіліся да 1983 года.

Згодна з прагнозам Белгідрамета, днём 29 студзеня чакаецца да 12 градусаў вышэй за нуль пры гістарычным рэкордзе 9,6 (у 2002 годзе ў Брэсце). Уначы 29 студзеня ў Брэсце тэмпература падымалася як мінімум да 10,9 градуса.

30 студзеня Белгідрамет чакае да 12 градусаў (папярэдні прагноз — да 10), 31-га — да 9 (8), 1 лютага — да 6.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: