Мінск 11:24

З 1 студзеня павялічаныя надбаўкі да заробкаў урачоў

29 студзеня, Позірк. З 1 студзеня павялічаныя надбаўкі да заробкаў урачам-спецыялістам, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Рашэнне зацверджана пастановай ведамства № 9 “Аб змяненні пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2019 года № 52” ад 24 студзеня.

Дакумент прадугледжвае павелічэнне надбаўкі за працу ў сферы аховы здароўя ўрачам-спецыялістам на 45% ад акладу, а таксама ўрачам-спецыялістам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі — 300% акладу; урачам-спецыялістам прыёмнага аддзялення — 235%; урачам-спецыялістам аддзяленняў (палат) для пацыентаў з парушэннем мазгавога кровазвароту (інсультам), з паразай спіннога мозгу, якія суправаджаюцца паралічамі канечнасцяў і парушэннем функцый тазавых органаў — 235%; урачам-спецыялістам выязных брыгад — 235%; урачам агульнай практыкі, урачам-педыятрам участковым, урачам-тэрапеўтам участковым — 235%; урачам-спецыялістам, за выключэннем вышэйпералічаных — 185%.

31 снежня падчас наведвання Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна стварыць усе ўмовы, каб беларускія медыкі “працавалі на роднай зямлі, а не бегалі па свеце ў пошуках лепшага жыцця”.

Паабяцаўшы будаваць арэнднае жыллё для ўрачоў, спікер парадаваўся: “Некаторыя з вашых пабеглі, а цяпер (у мяне на стале стос матэрыялу і дакументаў) просяцца назад”.

“Я задаю пытанне: “Дык а чаму ж? Што ж вы? Там і заробак, і ўсё”. “Не, Не, Не. Такой аховы здароўя, як у Беларусі, няма. У комплексе, у цэлым”, — сцвярджаў ён. Лукашэнка не ўдакладніў, з кім менавіта быў такі дыялог, калі ён у рэчаіснасці адбыўся.

Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хоць сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.

У Рэспубліканскім банку вакансій на 29 студзеня 4.327 заявак на пошук урачоў-спецыялістаў, на 23 снежня — 4.496, на 14 чэрвеня — 4.987, на 20 студзеня — 4.608, у канцы чэрвеня мінулага года — 3.862.

У статыстычным аглядзе праваабарончага цэнтра “Вясна” за 2024 год, апублікаваным 29 снежня, гаворыцца пра 17 урачоў, якія знаходзяцца ў няволі ў Беларусі.

Дакладная колькасць медыкаў, якія пакінулі краіну або пакінулі прафесію праз рэпрэсіі, невядомая.

Да канца 2023 года сярэдні заробак урачоў у Беларусі дасягаў 3 тыс. рублёў брута, урач атрымліваў суму, эквівалентную на той момант 740 еўра. Пра гэта ў жніўні заявіў акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі, прэзентуючы даследаванне “Аб стане сістэмы аховы здароўя Беларусі”.

Сярэдняя заработная плата лекара ў Польшчы пасля выплаты сярэдняга падатку — 3.137 еўра (на 131% вышэй сярэдняй па краіне), у Літве — 5.019 еўра (на 168%), у Германіі — 5.389 (на 144%), гаварылася ў даследаванні.

Пры гэтым у Польшчы толькі ў 2022 годзе было выдадзена каля тысячы дазволаў на працу для ўрачоў з Беларусі. Львоўскі спрагназаваў, што разрыў у аплаце працы ўрачоў у Беларусі і суседніх еўрапейскіх краінах будзе расці, а разам з ім і адток спецыялістаў.

Падзяліцца: