Мінск 14:54

За тыдзень Беларусь на падставе бязвізу наведала 3.703 жыхары краін Еўропы

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

3 лютага, Позірк. З 27 студзеня да 3 лютага Беларусь у бязвізавым парадку наведала 3.703 жыхары еўрапейскіх дзяржаў (на папярэднім тыдні 3.316), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За тыдзень у краіну наківаралася 972 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (за папярэдні справаздачны перыяд — 919), 1.949 грамадзян Літвы (тыднем раней — 1.750), 440 грамадзян Польшчы (361) і 342 грамадзяніны з ліку прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх дзяржаў (286).

З 1 студзеня 2025 года ў Беларусь прыбылі 15.238 замежнікаў з 38 краін, уключаных у “бязвізавы спіс”.

Агулам з 15 красавіка 2022 года краіну наведала 1.046.973 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыло 329.510, Літвы — 594.815, Польшчы — 105.555, іншых краін, уключаных у спіс, — 17.093.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня 2024 года бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025-га.

Падзяліцца: