Мінск 01:15

Беларусь і Куба маюць намер за пяць гадоў паставіць адзін аднаму тавары на суму да 15 млн долараў

Ілюстрацыйнае фота: Venti Views / unsplash.com

13 лютага, Позірк. Пералік тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адзін аднаму ў рамках “сустрэчнага гандлю”, вызначаны ў пратаколе да міжурадавага пагаднення ад 24 чэрвеня 2014 года, апублікаваным 13 лютага 2025-га на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, “тавары і паслугі, якія ўяўляюць інтарэс для абмену” ў рамках пагаднення, вызначаюцца “на падставе ўзаемнай згоды паміж выканаўцамі”. З боку Беларусі ім выступае прадпрыемства “Белрэсурсы”, з боку Кубы — Цэнтр геннай інжынерыі і біятэхналогіі (CIGB), Цэнтр малекулярнай імуналогіі (СІМ), Цэнтральная кампанія па закупках і продажах сельгастэхнікі і запасных частак (TRANSIMPORT), Гандлёвая кампанія па харчовых таварах (ALIMPORT) і Гандлёвая кампанія CUBACAFE (уваходзіць у групу прадпрыемстваў харчпрама Grupo Empresarial de la Industria Agroalimentaria).

Пры гэтым адзначана, што “для кожнага боку пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт 15 млн долараў ЗША на пяцігадовы перыяд”.

У адпаведнасці з пагадненнем Куба прапануе Беларусі лекі, абсталяванне і вакцыны; драўняны вугаль; каву; какаву; ром і вытворныя; кансервы; мякаць і пасту з садавіны і гародніны; сокі і нектары; свежую садавіну; мёд, харчовыя дабаўкі і іншыя прадукты пчалярства; морапрадукты (крэветкі, акулавы плаўнік, блакітны краб, смаўжовая маса, амары, кальмары, вугры); “іншыя тавары, што выклікаюць інтарэс”.

У сваю чаргу Беларусь прапануе Кубе лекавыя сродкі, расходныя матэрыялы для сферы аховы здароўя і сыравіну для вытворчасці лекаў і вакцын; малако — сухое цэльнае і сухое абястлушчанае; угнаенні і хларыд калію; шэраг харчовых прадуктаў (кукуруза, ячмень, соевы алей, рыба, кансерваваная ялавічына, сыры, алей ды інш.); кармы для жывёл; пакавальны матэрыял; сельскагаспадарчую, будаўнічую, аўтамабільную, грузавую тэхніку, а таксама запчасткі і камплектоўныя для тэхнікі БелАЗ і МАЗ; “іншыя тавары, што выклікаюць інтарэс”.

11 лютага амбасадар Беларусі Віталь Барчук абмеркаваў з намеснікам міністра замежных спраў Кубы Анаянсі Радрыгес Камеха “магчымыя пункты росту супрацы” ў галіне гарантавання харчовай бяспекі, машынабудавання і энергетыкі, аховы здароўя і фармацэўтыкі, турызму, у тым ліку “шляхам рэалізацыі сумесных праектаў”.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 ліпеня 2024 года кубінскага прэзідэнта Мігеля Дыяс-Канеля Бярмудаса з Днём нацыянальнага паўстання, адзначыў, што Беларусі і Кубе трэба не толькі пашыраць “супрацу ў традыцыйнай сферы гандлю”, але і выходзіць на “кааперацыйныя формы ўзаемадзеяння”.

Прэзідэнт Кубы на сустрэчы з беларускім прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам 17 ліпеня ў Гаване рашуча асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшанне ў яе справы.

Падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі на Кубу былі падпісаныя дакументыаб пастаўках Мінскам і Гаванай медыкаментаў адзін аднаму.

Куба і Беларусь таксама развіваюць супрацу ў вайсковай сферы. 29 студзеня пры Міністэрстве абароны быў акрэдытаваны вайсковы, вайскова-марскі і вайскова-паветраны аташэ амбасады Кубы ў Беларусі Мігель Анхель Перас Боўса.

“Важнасць працягу практычнага вектара ўзаемадзеяння, скіраванага на ўмацаванне супрацы ў вайсковай сферы”, адзначылі на сустрэчы ў Мінску летась 4 ліпеня міністр абароны Віктар Хрэнін і міністр Рэвалюцыйных узброеных сіл Кубы Альвара Лопес М’ера.

Кубінская вайсковая дэлегацыя таксама наведвала Беларусь у красавіку 2024 года. Тады бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці кантактаў па лініі ВПС і СПА, падкрэслівала Мінабароны.

20 сакавіка 2024 года ведамства паведаміла пра перамовы начальніка Генеральнага штаба УС Віктара Гулевіча (адпраўлены ў адстаўку 10 траўня) з міністрам М’ерам і начальнікам Генштаба гэтай краіны Рабэрта Легра Саталонга.

Падзяліцца: