Мінск 23:52

На ЧАЭС чацвёртыя суткі працягваецца ліквідацыя наступстваў атакі расійскага дрона

Пажар на саркафагу ЧАЭС пасля траплення расійскага дрона
Відэазапіс: тэлеграм-канал прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Стоп-кадр: "Позірк"

17 лютага, Позірк. Ліквідацыя наступстваў пажару працягваецца на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, паведамляе Дзяржаўнае агенцтва Украіны па ўпраўленні зонай адчужэння.

Паведамляецца аб трох ачагах тлення на 13.00 па мясцовым часе, для тушэння і частковага ўскрыцця канструкцый хованкі прыцягнутыя тры групы верхалазаў па чатыры чалавекі ў кожнай, “выканана 22 адтуліны, агульная плошча раскрыцця — каля 2 кв.м”.

Да ліквідацыі наступстваў прыцягнутыя ратавальнікі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях (ДСНС), радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі ЧАЭС застаецца стабільнай, “выхаду радыеактыўных прадуктаў за ўстаноўленыя межы не зафіксавана”, гаворыцца ў паведамленні.

14 лютага паведамлялася, што беспілотны лятальны апарат урэзаўся ў ахоўную абалонку аркі новага бяспечнага канфайнмента (саркафага) ЧАЭС, уведзенага ў строй у 2019 годзе.

У той жа дзень у зону адчужэння для “асвятлення працэсу ліквідацыі наступстваў прамога траплення расійскага БПЛА ў ахоўную абалонку новага бяспечнага канфайнмента“ быў арганізаваны прэс-тур для карэспандэнтаў мясцовых і замежных СМІ, а таксама міжнароднай экалагічнай арганізацыі “Грынпіс“.

Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская, якая вырасла на заражанай радыенуклідамі тэрыторыі, заявіла, што “ўзрушаная атакай расійскага беспілотніка” на Чарнобыльскую АЭС.

24 лютага 2022 года, у першы дзень поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, расійскія войскі, якія зайшлі з беларускай тэрыторыі, захапілі ЧАЭС і прабылі там да 31 сакавіка, пасля чаго адступілі ў РФ разам з палоннымі байцамі Нацыянальнай гвардыі, якія ахоўвалі станцыю. У выніку дзеянняў расійскай арміі быў сур’ёзна парушаны працоўны працэс, у тым ліку электразабеспячэнне.

Падзяліцца: