Мінск 18:19

Савет Федэрацыі РФ 26 лютага можа ратыфікаваць дагавор з Беларуссю аб гарантыях бяспекі

25 лютага, Позірк. Верхняя палата парламента Расіі — Савет Федэрацыі (СФ) — на пленарным пасяджэнні 26 лютага разглядзіць законапраект пра ратыфікацыю дагавора з Беларуссю аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, паведамляе ТАСС.

Паводле інфармацыі расійскага інфармагенцтва, камітэт СФ па абароне і бяспецы “падтрымаў і рэкамендаваў палаце ўхваліць закон”.

18 лютага дакумент, унесены на разгляд прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, ратыфікавала ніжняя палата парламента — Дзяржаўная дума.

У адпаведнасці з арт. 9 дагавора аб гарантыях бяспекі, ён “падлягае ратыфікацыі ў адпаведнасці з працэдурамі кожнага з бакоў і набывае моц з дня абмену ратыфікацыйнымі граматамі”. Мінск пра пачатак працэсу ратыфікацыі пакуль не паведамляў.

Лукашэнка і Пуцін падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджання Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.

Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю” (ТЯЗ), размешчанаю, як было заяўлена, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу пра магчымасць выкарыстання ТЯЗ “у абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненнем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з прымяненнем звычайнай зброі, але той, якая стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Лукашэнка тады сцвярджаў, што дагавор дазволіць “не дапусціць парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі і Расіі, захаваць суверэнітэт і незалежнасць, а галоўнае, сфармаваць гарантыі мірнага жыцця”.

На згаданым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі ракетны комплекс “Арэшнік”. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт РФ.

Падзяліцца: