Мінск 02:36

КР заклікала да змагання за Украіну, аднаўленне яе тэрытарыяльнай цэласнасці

Крыніца: pixabay.com

25 лютага, Позірк. Да змагання за перамогу Украіны, аднаўленне яе тэрытарыяльнай цэласнасці і мірнага жыцця заклікала Каардынацыйная рада (КР) у апублікаваным 25 лютага звароце з нагоды гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.

Перамога Украіны “стане важным крокам на шляху да вызвалення і дэмакратычных перамен у самой Беларусі”, лічаць аўтары: “Будучыня нашых краін звязаная, і разам мы зможам дамагчыся свабоды, справядлівасці і бяспекі для ўсіх”.

Каардынацыйная рада “ад імя беларусаў” выказвае “поўную падтрымку народу Украіны”: “Беларусь, захопленая рэжымам Лукашэнкі, была выкарыстана ў якасці плацдарма для гэтага нападзення, але абсалютная большасць беларусаў ніколі не падтрымлівала і не падтрымаюць гэту вайну. Аб гэтым сведчаць сотні беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, а таксама сотні затрыманых і тых, хто знаходзіцца ў турэмным зняволенні за заклікі да падтрымкі Украіны, за заклікі да спынення агрэсіі, за данаты на ЗСУ, за перадачу інфармацыі пра перамяшчэнне расійскіх войск і дыверсіі супраць агрэсара на тэрыторыі Беларусі і РФ”.

КР упэўненая, што ўсе ваенныя злачынцы — “ад Пуціна да Лукашэнкі і іх паплечнікаў” —  павінны паўстаць перад міжнародным судом, і заклікае свет “не спыняць падтрымку і ўзмацняць ціск на агрэсараў”.

Расійскія войскі, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю для ўдзелу ў вучэннях “Саюзная рашучасць — 2022”, пасля іх заканчэння не былі з яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае агрэсію РФ.

Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, як мінімум 41 чалавекі прыгавораны ў Беларусі ў крымінальным парадку за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам на баку Кіева. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя мінімум 30 чалавек. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў медыя асудзілі не менш як 93 чалавек.

Падзяліцца: