Мінск 02:30

У Літве прапануюць забараніць беларусам выкарыстоўваць “Пагоню”

Архіўнае фота: jan-pk.livejournal.com

25 лютага, Позірк. Забараніць выкарыстоўваць сімвал “Пагоня” на “пашпарце новай Беларусі” заклікалі 70 грамадскіх дзеячаў Літвы ў лісце, накіраваным прэзідэнту, Міністэрству замежных спраў і членам Сейма, паведамляе LRT.

“Мы не можам дзяліць сімвалы дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці з супольнасцямі, значная частка членаў якіх настроена супраць Літвы і агучвае распаўсюджаныя Расіяй дэзынфармацыйныя наратывы літвінізму, якія скажаюць гісторыю нашага народа”, — гаворыцца ў ім.

Аўтары падкрэсліваюць, што з 2020 года Літва “зазнае гібрыдныя і інфармацыйныя атакі з боку Беларусі, актыўнасць беларускага КДБ дасягнула рэкорднага ўзроўню”, а за апошнія гады ў Вільні пасялілася больш за 60 тыс. беларусаў, “чыю лаяльнасць практычна немагчыма праверыць”.

У лісце сказана, што, незалежна ад назвы, [герб Літвы] “Віціс” і “Пагоня” — гэта “адзін і той жа сімвал”.

Паводле аўтараў, неабходна “ўважліва ацаніць, як беларусы ўспрымаюць сваю версію “Віціса” — як сімвал балцкіх язычнікаў, якія сілай далучылі іх продкаў-русінаў і панавалі ў заснаваным балцкімі плямёнамі Вільнюсе, ці ў літвінісцкім ключы — як знак славянскага праваслаўнага кіраўніка, які нібыта сядзеў у “старажытным беларускім горадзе” Вільнюсе”.

Яны сцвярджаюць, што “карані беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці палягаюць не ў Вялікім Княстве Літоўскім, а ў Полацкім, Віцебскім, Смаленскім, Тураўскім, Валынскім і іншых русінскіх княствах, якія ўвайшлі ў склад сучаснай тэрыторыі Беларусі”.

Адзначаецца, што макеты дакументаў з сімвалам, “які нагадвае літоўскі “Віціс”, у студзені былі апублікаваны ў сацыяльных сетках лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай, якая ў сваім допісе падзякавала ўраду Літвы “за падтрымку і парады”.

Сярод падпісантаў ліста — тэлевядучы і акцёр Алгіс Раманаўскас, генеральны дырэктар Цэнтра даследавання генацыду і супраціву жыхароў Літвы, гісторык Арунас Бубніс, журналіст і прадпрымальнік Шарунас Ясюкявічус, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Міжнародны фонд сяброў Украіны” Валдас Барткявічус і інш.

19 студзеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў аб неабходнасці абмеркаваць падрабязнасці праекта “пашпарта новай Беларусі”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, які намаляваны на вокладцы “пашпарта новай Беларусі”, не варта перабольшваць.

Раней дэпутаты ад партыі “Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы” Аўдронюс Ажубаліс, Лаўрынас Кашчунас, Валдас Ракуціс, Казіс Старкявічус і Арвідас Поцюс выказалі занепакоенасць наконт нібыта выявы дзяржаўнага герба Літвы на “пашпарце новай Беларусі” і папрасілі МЗС “прааналізаваць сітуацыю”.

Пра праект “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года.

У сакавіку 2024 года Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў аб завяршэнні стварэння “пашпартнага цэнтра”. Тады ж было заяўлена аб затрымцы прыбыцця ”спецыяльных матэрыялаў” для вырабу першых 500 узораў дакумента.

Выдача дакументаў ці збор біяметрычных дадзеных для яго не будуць ажыццяўляцца, пакуль не завершыцца праверка на адпаведнасць GDPR (рэгламент Еўрапейскага саюза па абароне персанальных дадзеных) і не будуць асветлены ўсе юрыдычныя пытанні, якія тычацца статусу дакумента. Пра гэта паведаміў “Позірку” 4 лютага кіраўнік праекта, дырэктар Беларускага пашпартнага цэнтра Марыюс Гудэлайціс.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі 22 лютага распаўсюдзіла заяву аб тым, што “нядаўнія дыскусіі, ініцыяваныя шэрагам палітыкаў і грамадскіх дзеячаў Літоўскай Рэспублікі з нагоды выкарыстання беларусамі выявы “Пагоні” ў якасці дзяржаўнага герба, “з’яўляюцца недарэчнымі і неабгрунтаванымі”.

Адзначаецца, што герб “Пагоня” з’яўляецца нацыянальным гербам беларускага народа: “Пагоня” была дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі і, між іншым, афіцыйна выкарыстоўвалася на дакументах і пячатках урадам у выгнанні і консульскімі ўстановамі БНР у тагачаснай сталіцы Літвы Коўне ў пачатку 1920-х гадоў. “Пагоня” была дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь да 1995 года, калі ў выніку незаконнага і юрыдычна нікчэмнага рэферэндуму рэжым Лукашэнкі замяніў яго на неасавецкі сімвал”.

Рада БНР падкрэслівае, што дэмакратычныя рухі Беларусі і Літвы выкарыстоўвалі гербы “Пагоня” і “Віціс” як сімвалы супраціву савецкай акупацыі, а таксама што “пасля савецкай акупацыі дзве краіны ўсталявалі дыпламатычныя стасункі менавіта пад гэтымі гербамі, не маючы якіх-небудзь прэтэнзій адзін да аднаго”.

Адзначаецца, што геральдычныя сімвалы маюць агульнае паходжанне, але з’яўляюцца “абсалютна рознымі і ўзаемна прызнанымі”.

Рада БНР лічыць, што любая спроба забараніць беларусам карыстацца гербам “Пагоня” (як і літоўцам “Віцісам”) павінна разглядацца “як праява дыскрымінацыі адносна правоў беларускага (ці, адпаведна, літоўскага) народа на самавызначэнне і дэмакратычнае развіццё, а таксама як прынамсі ўскосная праява салідарнасці з беларусафобскім рэжымам Лукашэнкі і імперыялістычным рэжымам Пуціна”.

Падзяліцца: