Мінск 16:18

З пачатку 2025 года на пажарах загінула 160 чалавек

1 сакавіка, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6 гадзін 28 лютага да 6 гадзін 1 сакавіка) на пажарах загінуў адзін чалавек, сведчаць звесткі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Надзвычайнае здарэнне адбылося раніцай 28 лютага ў Бярозе (Брэсцкая вобласць). На пажары загінуў гаспадар домаўладання.

З пачатку 2025 года ў краіне адбылося 1.226 пажараў — на 30,4% больш, чым за той жа перыяд 2024-га (940). Загінула 160 чалавек (+37,9%; 116).

На пасяджэнні калегіі МНС, якая прайшла 14 лютага, кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі сцвярджаў, што ў 2024 годзе ў краіне былі “гарантаваныя бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і эфектыўная ліквідацыя іх наступстваў”.

Паводле слоў чыноўніка, у выніку “сумеснай прафілактычнай працы” колькасць загінулых на пажарах летась “не перавысіла сярэднегадавы паказчык за апошнія пяць гадоў”. Разам з тым, канстатаваў Сіняўскі, захады, што робяцца, не дазволілі захаваць дасягнутую ў 2022 і 2023 гадах дынаміку зніжэння колькасці пажараў і загінулых ад іх людзей.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў на калегіі, што яго “ў першую чаргу” хвалюе “колькасць пажараў, якія адбываюцца ў нашай краіне”. “Можа быць, нават не з віны працыМНС, а з віны нашых грамадзян, якія неасцярожна абыходзяцца з агнём: гэта і парушэнне правіл выкарыстання бытавой тэхнікі, гэта і паленне, гэта і, на жаль, ужыванне алкаголю”, — сказаў Вальфовіч.

Падзяліцца: