Мінск 13:20

Ціханоўская ў Рыме выступіць на другой сустрэчы альянсу “За дэмакратычную Беларусь”

4 сакавіка, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з 3 сакавіка наведвае Італію, паведамляе тэлеграм-канал палітыка.

Сярод іншага ў праграме візіту паездкі ў Фларэнцыю, Балонню і Мілан, сустрэчы з мэрамі гэтых гарадоў. Адным з пытанняў, якія мае намер абмеркаваць Ціханоўская, стане магчымасць выдзялення памяшкання для арганізацыі беларускага шэлтара. У Мілане яна наведае выставу, прысвечаную беларускім палітвязням.

6 сакавіка ў Рыме палітык выступіць з прамовай на другой сустрэчы альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”. Паведамляецца, што ў форуме возьмуць удзел прадстаўнікі 20 парламентаў розных краін, беларускія эксперты і праваабаронцы, члены Каардынацыйнай рады, беларускіх палітычных партый і “народных амбасадаў”. Першая такая сустрэча адбылася ў Германіі ў 2023 годзе.

Падчас сустрэч Ціханоўская мае намер узняць пытанні, звязаныя са спосабамі вызвалення беларускіх палітзняволеных, візавай падтрымкай і захаваннем мабільнасці беларусаў, легалізацыяй беларусаў у Італіі, прыцягненнем да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “за злачынствы супраць правоў чалавека і ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне”, умацаваннем супрацы Італіі з дэмсіламі Беларусі.

Падзяліцца: