Мінск 22:29

У лютым на волю выйшла мінімум 16 палітвязняў, трое — на падставе памілавання

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

7 сакавіка, Позірк. У лютым на волю выйшла сама меней 16 палітвязняў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адзначаецца, што па заканчэнні тэрмінаў зняволення вызвалілася 13 чалавек, на падставе працэдуры памілавання — 3.

У ліку людзей, што выйшлі на волю, мастак Генадзь Драздоў — былы кіраўнік ужо ліквідаванага творчага аб’яднання “Пагоня” ў Беларускім саюзе мастакоў. Мужчына, якому 11 сакавіка споўніцца 66 гадоў, быў у няволі са жніўня 2022 года. У траўні 2023-га яго прыгаварылі да 3 гадоў зняволення ў рамках палітычна матываванай справы паводле ч. 1 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Заяўляецца, што ў зняволенні ён перанёс два інсульты.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, агулам пасля заканчэння тэрмінаў зняволення з 2020 года на волю выйшла мінімум 1.450 палітвязняў (новыя імёны з’яўляюцца рэгулярна, на 7 сакавіка праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.239 чалавек, аднак у рэчаіснасці людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш).

Штомесяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзіць з месцаў зняволення альбо па заканчэнні тэрміна, альбо пасля суда — да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), альбо з пакараннем у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

12 лютага з’явілася інфармацыя пра вызваленне на падставе памілавання палітвязняў Андрэя Кузнечыка (супрацоўнік “Радыё Свабода”) і Алены Маўшук, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога на той момант не раскрывалася (18 лютага стала вядома, што гэта 56-гадовы Мікалай Шугаеў, у якога таксама ўкраінскае грамадзянства). Усе яны адразу ж пакінулі Беларусь з дапамогай Злучаных Штатаў Амерыкі.

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт паведамляў тэлеканалу CNN, што “гэта была спецыяльная аперацыя”. “Мы перасеклі беларускую мяжу, прыбылі ў Мінск і сустрэліся з беларускімі калегамі, якія перадалі нам гэтых трох затрыманых”, — сказаў ён.

Сярод тых, хто цалкам адбыў тэрмін зняволення, — Паліна Шарэнда-Панасюк, якая прабыла ў няволі 4 гады і 29 дзён — з 3 студзеня 2021 года па 1 лютага 2025-га. Праз чатыры дні пасля вызвалення пакінула Беларусь.

Падзяліцца: