Мінск 08:08

У турме пагоршыўся стан здароўя мастака Генадзя Драздова

15 снежня, Позірк. Стан здароўя 64-гадовага палітвязня, мастака Генадзя Драздова ў няволі “моцна пагоршыўся”, паведаміла “Позірку” абазнаная крыніца.

Паводле слоў суразмоўцы, мужчыну пастаянна змяшчаюць у карцар. “[Перакідваюць] з карцара ў карцар, прамярзае, мае завысокі ціск, а таблетак не даюць”, — адзначыла крыніца. Яна дадала, што “мастак зусім ў крытычным стане, нават складае тастамент”. 

Генадзь Драздоў — былы кіраўнік творчай суполкі “Пагоня” ў Беларускім саюзе мастакоў (11 снежня крыніца паведаміла “Позірку”, што саюз ліквідаваў гэтую суполку).

Быў затрыманы ў жніўні 2022 года і арыштаваны на 15 сутак. Пасля арышту не выйшаў на волю — у дачыненні да яго завялі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Пасля абвінавачанне было перакваліфікаванае на “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 арт. 3614 КК).

4 траўня 2023 года палітвязня прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Разам з тым, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, мастак адбывае тэрмін у магілёўскай турме № 4.

Падзяліцца:
be