Мінск 16:33

У Салігорску супрацоўнікі ДАІ стралянінай спынілі аўтамабіль

10 сакавіка, Позірк. У Салігорску (Мінская вобласць) 10 сакавіка каля дзвюх гадзін ночы супрацоўнікі ДАІ выкарысталі зброю, каб спыніць аўтамабіль, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што аўтамабіль Opel рухаўся з “выключанымі вонкавымі светлавымі прыборамі”, на сігнал з патрабаваннем спыніцца не рэагаваў. Міліцыянеры стралялі па колах аўто.

“Парушальнік ствараў рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян, на неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянтаў не рэагаваў. За рулём знаходзіўся 19-гадовы мясцовы жыхар. Пры затрыманні ён паводзіўся агрэсіўна, ужываліся кайданкі. Медыцынскі агляд паказаў 0,64 праміле алкаголю. Пасведчанне кіроўцы малады чалавек не атрымліваў. У дачыненні да яго складзена шэсць адміністрацыйных пратаколаў”, — паведамляе МУС.

9 лютага супрацоўнікі ДАІ са стралянінай спынялі парушальніка ў Магілёўскай вобласці, ён затрыманы.

26 снежня 2024 года супрацоўнікі ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Брэсцкай вобласці сумесна з байцамі атрада спецыяльнага прызначэння “Шторм” унутраных войскаў спынялі аўтамабіль з выкарыстаннем зброі. Гэта было зроблена для праверкі інфармацыі пра датычнасць грамадзяніна да “дэструктыўнай дзейнасці”.

17 снежня 2024 года ў аграгарадку Быстрыца Капыльскага раёна (Мінская вобласць) супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі спынілі аўтамабіль з нецвярозым кіроўцам.

Летась 22 лістапада супрацоўнікі ДАІ ў Мазыры выкарысталі агнястрэльную зброю, каб спыніць аўтамабіль, якім, як пасля высветлілася, кіраваў нецвярозы грамадзянін без правоў.

Раней ведамства неаднаразова паведамляла пра выкарыстанне зброі пры затрыманні.

Падзяліцца: