Мінск 12:55

Стасункі са Святым Пасадам дасягнуць “новага ўзроўню” пасля адкрыцця пры ім амбасады Беларусі, лічыць Лукашэнка

Базіліка св. Пятра ў Ватыкане
Ілюстрацыйнае фота: Benjamin Fay / unsplash.com

13 сакавіка, Позірк. Супраца Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 13 сакавіка папу рымскага Францішка з 12-й гадавінай пантыфіката.

На яго думку, з адкрыццём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць “якасна новага ўзроўню”.

“У нашай краіне шануюць і паважаюць вашае мудрае стаўленне да пытанняў падтрымкі добрасуседства і ўзаемаразумення паміж народамі, скіраванасць духоўных намаганняў на прапаведаванне ідэалаў міласэрнасці і любові да бліжняга, — прыводзіць тэкст паслання неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі. — Упэўнены, што вашая пастарская дзейнасць і надалей будзе садзейнічаць умацаванню міру і згоды, захаванню хрысціянскіх каштоўнасцяў”.

У Беларусі, лічыць віншавальнік, адчуваюць асабісты клопат пантыфіка “пра дабрабыт вернікаў і адзінства” беларускага грамадства.

Лукашэнка пажадаў 88-гадоваму Францішку, які з 14 лютага знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане, “здароўя, даўгалецця і Божай ласкі на карысць высокай місіі”.

У снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га.

Дыпламатычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам усталяваныя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада — апостальская нунцыятура (у верасні 2024 года пост нунцыя пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, новы пакуль не прызначаны).

Інтарэсы Мінска ў Ватыкане ўвесь гэты час прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час амбасадарам пры Святым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю ў тым ліку з пазіцыяй намесніка міністра замежных спраў (захоўваў статус амбасадара сама меней да прызначэння кіраўніком МЗС у снежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года да 7 сакавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася 32 прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Разам з тым, рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Пытанні “двухбаковай супрацы, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс” сёлета 26 лютага абмеркавалі ў Жэневе (Швейцарыя) кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і сакратар па стасунках Святога Пасада з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

На сустрэчы з беларускімі рэлігійнымі лідарамі 10 лютага Лукашэнка заявіў пра павагу да папы Францішка, папрасіў перадаць пантыфіку “самыя добрыя зычэнні” і выказаў надзею на сустрэчу з ім.

Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у траўні 2016-га — з Францішкам.

17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.

Папа Францішак (у свецкім жыцці Хорхе Марыё Бяргольё) нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрасе (Аргенціна). Да абрання на вышэйшую пасаду Рымска-каталіцкага касцёла 13 сакавіка 2013 года быў арцыбіскупам-мітрапалітам Буэнас-Айраса, прымасам Аргенціны. Першы ў гісторыі пантыфік з Новага Свету, а таксама першы за дванаццаць стагоддзяў папа не з Еўропы.

Падзяліцца: