Мінск 17:34

З Беларусі дэпартаваныя 23 нелегальныя мігранты

Відэа: МУС / Стоп-кадр: "Позірк"

13 сакавіка, Позірк. З Беларусі дэпартаваныя 23 нелегальныя мігранты — грамадзяне Кеніі, Самалі, Пакістана і Афганістана, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, замежнікаў затрымалі ў аграгарадку Калодзішчы пад Мінскам, дзе тыя “пражывалі ў прыватных домаўладаннях”. У Беларусь яны ўехалі наземным транспартам з Расіі “з парушэннем заканадаўства”. Канчатковым пунктам іх маршруту мусіў стаць Еўрасаюз.

Цяпер, адзначае МУС, праводзяцца “аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па выяўленні арганізатараў і саўдзельнікаў канала міграцыі”.

Сілавікі штогод праводзяць аперацыю “Нелегал”.

У кастрычніку 2024 года ў двух населеных пунктах Мінскага раёна затрымалі дзве групы незаконных мігрантаў — 13 грамадзян Афганістана і Ірана. Замежнікі ўехалі ў Беларусь наземным транспартам з РФ.

12 чэрвеня 2024 года МУС паведаміла, што пры падтрымцы АМАПа ў Калодзішчах затрыманыя 54 незаконныя мігранты.

Летась 27 траўня пракуратура Першамайскага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу паводле абвінавачання двух замежных грамадзян у арганізацыі незаконнай міграцыі на падставе ч. 2 арт. 3711Крымінальнага кодэкса. Грамадзянства і краіна паходжання абвінавачаных не называліся.

9 красавіка 2024 года начальнік упраўлення грамадзянства і міграцыі УУС Мінаблвыканкама Юрый Бразінскі паведаміў, што ў Калодзішчах і вёсцы Вялікае Сціклева (Мінскі раён) супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзве групы нелегальных мігрантаў з Афганістана, Емена і Сірыі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку 2025 года суседнія дзяржавы ЕС спынілі больш за 1,6 тыс. спробаў нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных даных іх памежных службаў. Больш за ўсё Польшча — каля 1,3 тыс.

За 2024 год Літва, Латвія і Польшча прадухілілі 36,3 тыс. такіх спробаў.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, бо што іх туды “паклікалі”.

“Мы да ўвядзення санкцый вельмі сур’ёзна з Захадам супрацоўнічалі, аж да таго, што заключылі дагавор аб рэадмісіі. Пасля яны ад гэтага адмовіліся. Мы лавіць іх не будзем. Наша справа — гарантаваць бяспеку народа”, — сказаў ён, у прыватнасці, 2 ліпеня 2024 года.

Падзяліцца: