Мінск 23:27

За тры гады колькасць суб’ектаў аграэкатурызму зменшылася больш, чым у два разы

Ілюстрацыйнае фота: 34travel.me

21 сакавіка, Позірк. Колькасць суб’ектаў аграэкатурызму на канец 2024 года склала 1.408 — у 2,2 разы менш, чым было па выніках 2021 года, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Негатыўная тэндэнцыя зафіксавана ва ўсіх рэгіёнах:

Брэсцкая вобласць — на 39% (з 462 да 282);

Віцебская вобласць — у 3,9 разы (з 732 да 186);

Гомельская вобласць — на 40,8% (з 206 да 122);

Гродзенская вобласць — на 39,8% (з 455 да 274);

Мінская вобласць — у 2,6 разы (з 1.054 да 410);

Магілёўская вобласць — на 45,3% (з 245 да 134).

На гэтым фоне на 24,1% зменшылася колькасць турыстаў, якіх абслужылі ў аграэкасядзібах (з 563.604 да 427.581).

Агульнае скарачэнне патоку звязана з унутраным турызмам, бо колькасць абслужаных замежнікаў павялічылася: колькасць мясцовых наведвальнікаў скарацілася на 25% (з 551.395 да 413.640), замежнікаў вырасла на 14,2% (з 12.209 да 13.941).

Сітуацыя ў рэгіёнах выглядае так:

Брэсцкая вобласць: агульнае скарачэнне на 2,2% (з 94.215 да 92.189), беларусаў — на 2,8% (з 92.185 да 89.639), замежнікаў стала больш на 25,6% (з 2.030 да 2.550);

Віцебская: -32,5% (з 63.239 да 42.701), -34,2% (з 61.905 да 40.709), +49,3% (з 1.334 да 1.992) адпаведна;

Гомельская: -15% (51.208; 43.511), -16,1% (51.032; 42.820), у 3,9 разы (176; 691);

Гродзенская вобласць: -19,4% (99.140; 79.875), -20,4% (97.317; 77.471), +31,9% (1.823; 2.404);

Мінская вобласць: -37,7% (197.000; 122.787), -39,3% (193.312; 117.347), +47,5% (3.688; 5.440);

Магілёўская вобласць: -20,9% (58.802; 46.518), -18% (55.644; 45.654), скарачэнне ў 3,7 раза (3.158; 864).

У траўні 2024 года дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч заявіла, што шмат у чым на скарачэнне колькасці сядзіб паўплываў указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 кастрычніка 2022 года № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, а таксама праведзеная да 1 ліпеня 2023 года іх перарэгістрацыя.

У верасні 2022 года на нарадзе з кіраўніцтвам урада Лукашэнка, кажучы аб падрыхтаваным на той момант праекце адпаведнага ўказа, заявіў, што “не зжытыя выпадкі, калі пад выглядам аграсядзіб на сістэмнай аснове квітнеюць гасцінічны і рэстаранны бізнесы, асабліва паблізу вялікіх гарадоў”.

Падзяліцца: